Сустрэча Расія-Украіна з удзелам турэцкіх пасрэднікаў у Стамбуле пачнецца а 11:30. Дэлегацыі абедзвюх краін сустрэнуцца ўпершыню за тры гады. Раней, а 9:30, прадстаўнікі Украіны і Турцыі сустрэліся з амерыканцамі. Інфармацыю пра час запланаваных сустрэч прадставіла Міністэрства замежных спраў Турцыі.
Шанцы на прарыў ацэньваюцца як малыя, бо погляды Крамля і Кіева на спыненне канфлікту адрозніваюцца. Акрамя таго, рускія даслалі дэлегацыю нізкага рангу. Пуцін накіраваў у Стамбул двух намеснікаў міністра і свайго дарадцу. Узровень дэлегацыі, якую накіравалі расіяне, не дае надзеі на сур'ёзныя перамовы — так ацаніў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа.
Украінскую дэлегацыю ўзначальвае міністр нацыянальнай абароны Рустэм Умераў. Ён мае дазвол ад прэзідэнта Зяленскага на перамовы аб безумоўным спыненні агню. Расіяне ж вылучаюць патрабаванні, пра якія казалі на пачатку агрэсіі — у тым ліку дэмілітарызацыю Украіны.
Пры гэтым ужо ёсць план сустрэч у Стамбуле, дзе будуць абмяркоўвацца ўмовы спынення агню ва Украіне. Спачатку адбудуцца размовы ўкраінскай і амерыканскай дэлегацый, а потым — з 11:30 — пачнуць перамаўляцца ўкраінцы і расіяне. Прадстаўнікі Турцыі, як краіны-гаспадара перамоў, будуць прысутнічаць на абедзвюх сустрэчах.
Украінскія, расійскія і сусветныя СМІ звяртаюць увагу на вялікае значэнне першай за тры гады непасрэднай сустрэчы паміж расіянамі і ўкраінцамі. Падкрэсліваецца, што самае галоўнае, каб перамовы адбыліся, бо важны кожны крок да міру.
ПР/юл