У Вільні Фрыдрых Мерц і міністр абароны Борыс Пісторыўс прынялі ўдзел у цырымоніі ўводу ў строй нямецкай танкавай брыгады, якая ў перспектыве павінна дасягнуць колькасці пяці тысяч чалавек, паведамляе Bild.
«Дарагія літоўцы, вы можаце разлічваць на Нямеччыну і нашых салдат. Мы не дазволім Расіі ўбіць клін паміж намі», — заявіў Мерц.
Стварэнне брыгады ў Літве атрымала асаблівае значэнне пасля «развароту» Дональда Трампа, які даў зразумець, што ЗША больш не будуць настойваць на спыненні агню ва Украіне.
«Новая нямецкая танкавая брыгада ў Літве — гэта дакладнае папярэджанне расійскаму дыктатару Пуціну: Еўропа адзіная», — сказаў у размове з BILD прэм'ер-міністр зямлі Гесэн Борыс Райн.
Аднак падрыхтоўка брыгады суправаджаецца шэрагам праблем. Пакуль што толькі 800 вайскоўцаў размешчаны ў Літве, а да поўнай камплектацыі трэба знайсці яшчэ больш за 4000 спецыялістаў.
Мерц мяркуе, што Нямеччына ўкладзецца ў тэрміны — брыгада павінна быць цалкам гатовая да 2027 года. Для Літвы прысутнасць нямецкіх войскаў мае асаблівае значэнне. Армія краіны налічвае ўсяго 15 тысяч чалавек, у тым ліку прызыўнікоў, пры гэтым вайну ва Украіне ў Вільні ўспрымаюць як прамую пагрозу.
вх