У Эстоніі затрыманыя ўдзельнікі меркаванай змовы супраць ураду, якія планавалі ўзброены пераварот. Гаворка ідзе пра лідараў групы пад назвай Koos, піша эстонская штодзённая газета Postimees.
Пасля пачатку вайны ва Украіне прарасійскі палітык Айва Петэрсан і яго аднадумец Дзмітрый Роотсі планавалі стварыць так званую трэцюю лінію – грамадзянскае падраздзяленне тэрытарыяльнай абароны. Па дадзеных эстонскай пракуратуры, структура павінна была дзейнічаць пад выглядам дабрачыннай арганізацыі і функцыянаваць паралельна з узброенымі сіламі ды дзяржаўнымі інстытутамі.
Высновы праваахоўнікаў гавораць аб тым, што ваеннае падраздзяленне павінна было замяніць войска ў выпадку «вакуума ўлады» і фактычна ўяўляла сабой падрыхтоўку да перавароту.
Паводле плану, група мела складацца ў асноўным з грамадзян, якія маюць дазвол на нашэнне агнястрэльнай зброі ва ўсіх муніцыпалітэтах краіны.
Перапіска па гэтым пытанні вялася ў тым ліку праз прыкладанне «Тэлеграм», у якім быў створаны спецыяльны канал «Грамадзянская абарона». Пракуратура паведаміла, што Петэрсан устанавіў кантакт з людзьмі, якія наўпрост мелі выхад на расійскую ваенную разведку.
Раней Айва Петэрсан наведваў акупаваны Марыупаль і трансляваў наратывы расійскай прапаганды.
У пракуратуры таксама адзначылі, што аналагічныя ваенізаваныя фармаванні выкарыстоўваліся Расіяй ва Украіне ў 2014 годзе. Яны ўдзельнічалі ў захопе дзяржаўных устаноў, прычым іх было цяжка адрозніць ад расійскіх салдат.
За дзяржаўную здраду абвінавачаным пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды тэрмінам да 17 гадоў.
вс