Беларуская Служба

Найміты з групы Вагнера завяршылі місію ў Малі, іх заменіць падкантрольны Крамлю Афрыканскі корпус

07.06.2025 08:51
Расійскія найміты з так званай групы Вагнера абвясцілі, што іх місія ў Малі скончылася, і яны пакідаюць гэтую краіну.
Аўдыё

Аднак іх месца ў Малі і іншых афрыканскіх дзяржавах займаюць непасрэдна падпарадкаваныя расійскаму Міністэрству абароны салдаты з Афрыканскага корпуса.

Агенцтва Reuters працытавала заяву наймітаў, размешчаную на іх канале ў Telegram, у якой пакіданне Малі тлумачыцца паспяховым завяршэннем місіі гэтай афрыканскай краіне. Найміты хваляцца, што выціснулі ісламісцкія сілы, забілі іх камандзіраў і перадалі ўсю краіну пад кантроль малійскай ваеннай хунты.

Праведзеныя ў мінулыя выхадныя напады джыхадзістаў на аэрапорт у гістарычным горадзе Цімбукту і на ваенную базу ў горадзе Булікесі, дзе загінула больш за 30 малійскіх салдат, сведчаць, што расійскім наймітам не ўдалося аднавіць спакой.

Малі гадамі змагаецца з джыхадзістамі, звязанымі з Аль-Каідай і Ісламскай дзяржавай (ІД), а на памежжы з Алжырам адбываюцца сутчкі з групамі туарэгаў, некаторыя з якіх змагаюцца за сепаратысцкую дзяржаву Азавад.

Часовы прэзідэнт краіны Асімі Гойта, які прыйшоў да ўлады ў выніку двух дзяржаўных пераваротаў у 2020 і 2021 гадах, паабяцаў аднавіць спакой у краіне. Незадаволены прагрэсам французскіх войскаў, ён загадаў ім пакінуць краіну, з якой выгнаў таксама 11-тысячную місію ААН па падтрыманні міру. На іх месца ў 2022 годзе ён запрасіў наймітаў з групы Вагнера, якіх, паводле ацэнак амерыканскага аналітычнага Інстытута вывучэння вайны (ISW), праз год у гэтай краіне было ўжо каля 2 тысяч, а праз год іх колькасць знізілася да 1 тысячы, верагодна, з-за няўдач на Украіне, куды іх адцягнулі.

У Малі, якая з'яўляецца трэцім па велічыні вытворцам золата ў Афрыцы, Расія актыўна ўдзельнічае ў яго здабычы. Ужо ў пачатку 2023 года расійскія найміты захапілі як мінімум тры вялікія шахты ў Баландугу, Коёка і Янфоліла. А нядаўна яны заняліся таксама ачысткай золата. Масква на пачатку мінулага тыдня падпісала з хунтай пагадненне аб будаўніцтве золатаперапрацоўчага завода ў Бамака, дзе плануе перапрацоўваць больш за 200 тон каштоўных металаў штогод. Адначасова ідзе працэс экспрапрыяцыі канадскай кампаніі Barrick Gold, якая кіруе найбольш эфектыўнымі шахтамі Loulo і Gounkoto.

З гэтай прычыны Крэмль не можа дазволіць сабе пакінуць Малі. Група Вагнера, заснаваная Яўгенам Прыгожыным, некалі набліжаным да Уладзіміра Пуціна, доўга карысталася вялікай аўтаноміяй. Але пасля смерці Прыгожына Крэмль вырашыў цалкам падпарадкаваць яе сабе альбо замяніць іншымі падраздзяленнямі. Выпадак Малі, а таксама Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, дзе наймітаў са студзеня 2026 года павінны замяніць рэгулярныя падраздзяленні Афрыканскага корпуса, паказвае, што Расія страціла давер да непадпарадкаваных наймітаў.

Горназдабыўная прамысловасць – гэта толькі адзін з элементаў расійскага плана атрымання прыбытку з Афрыкі. Мэтай Расіі зʼяўляецца распальванне нявызначанасці, каб выступаць у якасці адзінага гульца, здольнага гарантаваць бяспеку, за якую яна патрабуе шчодрай аплаты, як выказаўся Джэк Уотлінг, спецыяліст па наземнай вайне ў Каралеўскім інстытуце абʼяднаных службаў (RUSI).

PAP/вх