Беларуская Служба

МЗС Ізраіля выклікала пасла Польшчы пасля заўваг Дональда Туска адносна сектара Газа

06.08.2025 16:05
Ізраільскія ўлады палічылі заўвагі польскага прэм'ер-міністра непрымальнымі і абразлівымі для памяці ахвяр Халакосту.
Прэзідэнт Ізраіля Іцхак Херцаг EPA/TOMS KALNINS

Пасол Польшчы ў Ізраілі Мацей Хуня (Maciej Hunia) ўчора быў выкліканы ў Міністэрства замежных спраў Ізраіля ў сувязі з выказваннем прэм'ер-міністра Дональда Туска адносна гуманітарнай сітуацыі ў сектары Газа. Ізраільскія ўлады палічылі заўвагі польскага прэм'ер-міністра непрымальнымі і абразлівымі для памяці ахвяр Халакосту.

Дыпламатычнае ўмяшанне адбылося пасля допісу прэм'ер-міністра Туска на сайце X, у якім ён раскрытыкаваў дзеянні Ізраіля, якія, як ён напісаў, «прывялі да голаду і гібелі мірных жыхароў». Туск дадаў, што такія паводзіны не павінны прымацца краінамі, якія перажылі трагедыю Другой сусветнай вайны. У адказ Міністэрства замежных спраў Ізраіля адхіліла абвінавачванні і заклікала ўстрымацца ад заяў, якія, на думку Ізраіля, скажаюць гісторыю і злоўжываюць спасылкамі на Халакост. Падчас размовы з паслом Хуняй Міністэрства замежных спраў Ізраіля заявіла, што дзеянні накіраваны супраць ХАМАС і праводзяцца ў адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам.

Звяртаючыся да сітуацыі, Міністэрства замежных спраў Польшчы падкрэсліла права Ізраіля на самаабарону, але выказала занепакоенасць маштабамі ахвяр сярод мірнага насельніцтва і гуманітарнымі выдаткамі ваенных аперацый.

Канфлікт у Газе працягваецца з кастрычніка 2023 года, калі ХАМАС пачаў атаку на поўдзень Ізраіля, у выніку якой загінула каля 1200 чалавек. З таго часу ў выніку ізраільскага наступу загінула больш за 61 000 палесцінцаў, і на ахопленай вайной тэрыторыі разгортваецца драматычны гуманітарны крызіс.

Паводле мясцовых медыцынскіх крыніц, у апошнія дні ад голаду і недаядання памірае ўсё большая колькасць людзей, у тым ліку дзяцей.

IAR/яс