Беларуская Служба

Еўрапейская кампанія запускае начныя аўтобусы са спальнымі месцамі прэміюм-катэгорыі (ФОТА/ВІДЭА)

26.08.2025 12:31
Цана білета кусаецца, але падарожнічаць пасажыр будзе як у бізнес-класе самалёта.
        -
Швейцарская кампанія запускае начныя аўтобусы са спальнымі месцамі прэміюм-катэгорыі Крыніца: Twiliner

Швейцарская кампанія Twiliner запускае начныя аўтобусы са спальнымі месцамі прэміюм-катэгорыі. На першапачатковым этапе рэйсы будуць здзяйсняцца з Цюрыху ў Амстэрдам праз Базель, Люксембург, Брусель, Ратэрдам і Амстэрдам ды ў Барселону праз Жырону.

Спальныя аўтобусы выйдуць на лініі ў лістападзе. На пачатку будзе здзяйсняцца некалькі рэйсаў на тыдзень, а пачынаючы з наступнага года аўтобусы будуць курсаваць штодзённа.

Двухпавярховы аўтобус будзе мець 21 месца – 18 месцаў на другім паверсе і тры – на першым. Крэслы можна будзе раскласці пры дапамозе электрапрывада ў гарызантальную пазіцыю – накшталт бізнес-класу ў самалёце. Пасажыр атрымае падушку, плед, тапкі і набор дарожных гаджэтаў. У шляху пасажыр зможа скарыстацца немалым па памерах туалетам, гардэробам і барам з напоямі ды закускамі.

Пасажырская кампанія паведаміла на сваім сайце, што паслуга накіраваная для дарослых і дзяцей, старэйшых за пяць гадоў, аднак пры ўмове, што яны будуць весці сябе ціха і не перашкаджаць іншым пасажырам у начны час сутак.

У дарозе пасажыры змогуць скарыстацца барам   Крыніца: Twiliner У дарозе пасажыры змогуць скарыстацца барам Крыніца: Twiliner

Падарожжа спальным аўтобусам не з’яўляецца танным: для прыкладу, білет з Цюрыху ў Брусель будзе каштаваць 180 еўра. Кампанія Twiliner заяўляе, што гэта нятанна, аднак паслуга мае арыгінальны характар і накіраваная перш за ўсё для людзей, якія баяцца лётаць самалётамі. Акрамя таго, паводле перавозчыка, сабекошт рэйсу даволі высокі з-за малой лічбы пасадачных месцаў і з-за таго, што на рэйс патрэбна некалькі кіроўцаў.

Цягам трох гадоў Twiliner плануе стварыць сетку 25 начных маршрутаў у Еўропе.

Крыніца: Twiliner Крыніца: Twiliner

Начныя аўтобусы са спальнымі месцамі – папулярны сродак перамяшчэння ў Паўднёва-Усходняй Азіі і Лацінскай Амерыцы, аднак у Еўропе іх выкарыстанне вельмі абмежаванае з-за строгіх правіл бяспекі. Перавозчык паведамляе, што яму ўдалося прыстасаваць аўтобусы да адпаведных патрабаванняў.

вс