Беларуская Служба

Урад Расіі прапанаваў выйсці з Еўрапейскай канвенцыі аб прадухіленні катаванняў

27.08.2025 09:15
Расія ратыфікавала Еўрапейскую канвенцыю аб прадухіленні катаванняў у 1996-м, калі стала сябрам Саветам Еўропы.
Сцяг РасііLeonid/pixabay.com/CC0 Public Domain

Урад Расіі прапанаваў дэнансаваць Еўрапейскую канвенцыю аб прадухіленні катаванняў. Пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Міхаіл Мішусцін. У дакуменце гаворыцца, што Расія выйдзе з канвенцыі і прынятых да яе пратаколаў, паведамляе Расійская Служба Радыё Свабода.

У тэксце дакумента ўрад спасылаецца на сваё права прапанаваць спыніць дзеянне міжнароднай дамовы, да якой далучалася Расія. Па законе, у прапанове павінны быць указаны абгрунтаванне мэтазгоднасці спынення дагавора і ацэнка яго наступстваў, у апублікаваным дакуменце такой інфармацыі няма.

Еўрапейская канвенцыя па прадухіленні катаванняў была прынята Саветам Еўропы ў 1987 годзе. Расія ратыфікавала яе ў 1996-м, калі стала сябрам Савета.

У 2022 годзе Расія заявіла аб выхадзе з Савета, а Савет – аб яе выключэнні з-за вайны ва Украіне. Пасля гэтага Масква стала выходзіць з міжнародных дамоваў, звязаных з арганізацыяй.

У тым ліку Расія перастала быць бокам Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека і адмовілася выконваць рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека, дэнансавала канвенцыю аб абароне нацыянальных меншасцяў, аб спыненні тэрарызму, сацыяльную хартыю і хартыю мясцовага самакіравання.

аз