Беларуская Служба

З-за вучэнняў «Захад 2025» Латвія павышае ўзровень баявой гатоўнасці сваёй арміі

04.09.2025 13:45
Між тым, спецслужбы ў Рызе падкрэсліваюць, што вучэнні з'яўляюцца ў першую чаргу інструментам прапаганды і псіхалагічнага ціску.
Сцяг ЛатвііFoto: pixabay.com/CC0 Public Domain

Латвія павышае ўзровень гатоўнасці сваіх узброеных сіл у сувязі з планаванымі расійска-беларускімі вучэннямі «Захад 2025». Вучэнні ў Беларусі пачнуцца 12 верасня і працягнуцца чатыры дні.

Міністр абароны Латвіі Андрыс Спрудс тлумачыць рашэнне аб павышэнні гатоўнасці тым, што вайскоўцы павінны быць гатовыя да патэнцыйных правакацый з боку дзяржаў-агрэсараў.

Ва ўсходняй частцы краіны будзе, сярод іншага, уведзены ўзмоцнены кантроль паветранага руху. Армія сумесна з іншымі ўстановамі таксама праводзіць кругласутачны маніторынг інфармацыйнай прасторы для супрацьдзеяння дэзынфармацыі, якая можа ўзмацніцца падчас вучэнняў «Захад 2025».

Латвійскія вайскоўцы таксама абвясцілі, што адначасова ў краіне будуць праводзіцца маштабныя абарончыя вучэнні, у якіх будуць адпрацоўвацца розныя крызісныя сцэнары. У іх прымуць удзел прыблізна 12 000 вайскоўцаў і прадстаўнікоў грамадзянскіх устаноў.

Між тым, спецслужбы ў Рызе падкрэсліваюць, што пагроза з боку Расіі і Беларусі падчас вучэнняў «Захад 2025» нізкая, і што самі вучэнні, як паведамляе сайт LSM, зʼяўляюцца ў першую чаргу інструментам прапаганды і псіхалагічнага ціску.

Міністэрства абароны Літвы некалькі дзён таму паведаміла, што ў вучэннях у Беларусі прымуць удзел каля 30 000 вайскоўцаў.

IAR/аз

Атамныя РСЗА «Паланэз» у Беларусі? Ракеты на службе прапаганды

01.09.2025 15:50
Заявы Беларусі аб адаптацыі сістэмы «Паланэз» да нетрадыцыйных боегаловак ні ў якім разе не з'яўляюцца выпадковымі або спантаннымі.