Беларуская Служба

Пуцін заявіў пра 100 тысяч салдат на вучэннях «Захад-2025»

17.09.2025 09:04
Уладзімір Пуцін асабіста назіраў за вучэннямі на палігоне Муліна ў Ніжагародскай вобласці.
   -2025
Пуцін падчас вучэнняў «Захад-2025»PAP/EPA/MIKHAIL METZEL/SPUTNIK/KREMLIN POOL

Прэзідэнт Расіі заявіў, што сумесныя вучэнні з'яўляюцца праверкай «безумоўнай абароны суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці саюзнай дзяржавы, гэта значыць Расіі і Беларусі». Ён дадаў, што ў іх удзельнічалі 100 тысяч салдат і прыблізна 10 тысяч адзінак ваеннай тэхнікі.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падчас вучэнняў адпрацоўвалася выкарыстанне расійскай тактычнай ядзернай зброі. Паводле звестак дзяржаўных СМІ Беларусі, на вучэннях таксама выкарыстоўвалася расійская гіпергукавая ракета «Арэшнік», якую Расія ўпершыню выкарыстала ў мінулым годзе ў вайне з Украінай.

«Мы там усё адпрацоўваем, – сказаў Лукашэнка, цытуе яго дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА. - Яны (Захад) таксама гэта ведаюць, мы гэтага не хаваем. Ад стральбы звычайнай зброяй да ядзерных боегаловак. Паўтаруся, мы павінны ўмець усё гэта рабіць. Інакш чаму яны будуць на тэрыторыі Беларусі? Але мы абсалютна не плануем нікому гэтым пагражаць», – сцвярджаў ён.

Міністэрства абароны ў Маскве паведаміла, што расійскія стратэгічныя бамбавікі Ту-160, здольныя несці ядзерную зброю, адпрацоўвалі стральбу крылатымі ракетамі над Баранцавым морам. Бамбавікі ляцелі над нейтральнымі водамі прыблізна чатыры гадзіны ў суправаджэнні знішчальнікаў МіГ-31.

Таксама паведамлялася, што марская пяхота Паўночнага флоту Расіі трэніравалася ў Мурманскай вобласці адбіваць дэсантны напад варожых сіл. На відэа бачна, як войскі пры падтрымцы баявых верталётаў і знішчальнікаў выкарыстоўваюць бронетранспарцёры, беспілотнікі, супрацьтанкавыя гранатамёты і аўтаматычную зброю для стрымлівання ўяўнага ворага.

У Кёнігсбергскай вобласці адпрацоўвалася выкарыстанне радыётэлескопа «Торн-МДМ», прызначанага для выяўлення месцазнаходжання варожых сіл.

Акрамя Расіі і Беларусі, у вучэннях, якія праходзілі на 41 палігоне, удзельнічалі іншыя краіны, якія прадстаўлялі такія арганізацыі, як Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), Садружнасць Незалежных Дзяржаў і Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва.

Таксама былі кантынгенты з Індыі, Ірана і афрыканскіх краін – Буркіна-Фасо, Нігера і Малі.

Вучэнні «Захад» арганізуюцца з 1970-х гадоў. Спачатку ў іх удзельнічалі краіны Варшаўскага дагавора. Пасля распаду СССР яны ўпершыню былі арганізаваны ў цяперашнім фармаце ў 1999 годзе. З таго часу яны праводзяцца кожныя чатыры гады.

PolsatNews/ав