Беларуская Служба

Заробкі славацкіх парламентарыяў будуць замарожаныя ў 2026 годзе

18.09.2025 17:56
Акрамя таго, правячая кааліцыя вырашыла павялічыць падатак на гэтыя даходы на 10%. 
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

Заробкі славацкіх парламентарыяў будуць замарожаныя ў 2026 годзе з-за неабходнасці ашчаджэнняў у бюджэце, вырашылі члены кіруючай кааліцыі краіны. Чакаецца, што парламент прыме адпаведны законапраект на наступным тыдні.

Спікер Славацкай нацыянальнай рады (парламента) Рычард Рашы і прадстаўнікі кааліцыйных партый абвясцілі ў чацвер, што дасягнута дамоўленасць аб узроўні заробкаў дэпутатаў.

«Я лічу надзвычай важным, каб у цяжкія часы эканоміла не толькі дзяржава, але і самі палітыкі. І я разглядаю гэтую заяву як праяву салідарнасці з боку нас, палітыкаў, дэпутатаў, якія тут знаходзяцца і прадстаўляюць кааліцыю, і нашых парламенцкіх груп, што кансалідацыя закране і нас асабіста», – сказаў Рычард Рашы.

У наступным годзе будуць замарожаныя не толькі дэпутацкія выплаты, але бонусы і надбаўкі. Акрамя таго, кааліцыя вырашыла павялічыць падатак на гэтыя даходы на 10%. На практыцы гэта азначае, што, пачынаючы са студзеня, дэпутаты будуць атрымліваць на 220 еўра менш у месяц, чым раней.

Неабходнасць замарозіць заробкі дэпутатаў звязана з бюджэтнай сітуацыяй у Славакіі. Урад Роберта Фіца даўно шукае спосабы скараціць выдаткі, у тым ліку ў бюджэтным сектары. Тым часам заробкі дэпутатаў цесна звязаны з сярэднім заробкам па краіне, які, паводле прагнозаў аналітыкаў, павялічыцца ў наступным годзе. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да аўтаматычнага павышэння заробкаў палітыкаў.

Галасаванне над зменамі адбудзецца ў аўторак. Рашы выказаў надзею, што змены падтрымаюць не толькі дэпутаты кааліцыі, але і дэпутаты апазіцыі. Ён таксама абвясціў, што кааліцыя ў бліжэйшыя дні таксама прадставіць прапановы аб замарозцы заробкаў у іншых канстытуцыйных органах.

ав