Беларуская Служба

У Францыі пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам прафсаюзы заклікалі да далейшых пратэстаў

24.09.2025 16:11
Папярэднія пратэсты 18 верасня сабралі 500 тысяч чалавек.
 -
Рэзідэнцыя прэм'ер-міністра ФранцыіPAP/EPA/TERESA SUAREZ

Прэм'ер-міністр Францыі Себасцьян Лекарню сустрэўся ў сераду з прадстаўнікамі асноўных прафсаюзаў, якія пасля сустрэчы заклікалі да новых пратэстаў у пачатку кастрычніка супраць запланаваных скарачэнняў бюджэту. Папярэднія пратэсты 18 верасня сабралі 500 тысяч чалавек.

Пасля сустрэчы з прэмʼер-міністрам кіраўніца прафсаюза CFDT Марыліз Леон выказала расчараванне, назваўшы гэта «страчанай магчымасцю» ў вачах прафсаюзных дзеячаў.

«Пасля поспеху 18 верасня мы чакалі выразных адказаў ад прэмʼер-міністра. Ён не даў ніякага выразнага адказу на чаканні, выказаныя працоўнымі», – дадала Леон.

Прафсаюзы папярэдне вызначылі дату наступнага пратэсту на 2 кастрычніка, але гэтая дата ўсё яшчэ залежыць ад пацверджання прафсаюзамі.

Пасля дэманстрацый 18 верасня Лекарню запэўніў, што патрабаванні дэманстрантаў адпавядаюць зместу кансультацый, якія ён правёў перад фарміраваннем урада. Падчас гэтых кансультацый прэмʼер-міністр імкнуўся атрымаць падтрымку апазіцыі для прапановы па бюджэце на наступны год. Францыя павінна ўвесці меры жорсткай эканоміі, каб скараціць дэфіцыт бюджэту.

Прафсаюзы і левыя партыі патрабуюць павелічэння фінансавання сацыяльных выдаткаў і больш справядлівай фіскальнай нагрузкі, напрыклад, на карпарацыі і ўладальнікаў буйных актываў. Яшчэ адзін прыярытэт для левых – адмена вельмі непапулярнай пенсійнай рэформы 2023 года, якая павысіла пенсійны ўзрост да 64 гадоў.

Некаторыя з гэтых патрабаванняў лічацца вельмі цяжкавыканальнымі, бо павышэнне пенсійнага ўзросту і дружалюбная палітыка ў адносінах да буйнога бізнесу зʼяўляюцца адметнымі рысамі ліберальнай эканамічнай палітыкі прэзідэнта Эмануэля Макрона. Арганізацыі працадаўцаў і апазіцыя на правым крыле палітычнага спектру выступаюць супраць прапанаванага левымі 2% падатку для самых багатых.

ав