У праекце бюджэту Расіі на наступны год вайна застаецца прыярытэтам, але выдаткі на яе будуць скарочаныя. Пуцін не можа сабе дазволіць вайну, піша штодзёнка «Gazeta Wyborcza».
Лічбы красамоўна кажуць пра гэта. Сёлета Масква выдзеліла 13,5 трыльёна рублёў на ваенныя мэты. У 2026 годзе Міністэрства фінансаў плануе даць ваенным ужо 12,6 трыльёна рублёў. Зэканомленая сума — каля трыльёна — будзе пералічана на «ўнутраную бяспеку», то бок паліцыю, што можа сведчыць аб страхах Крамля, які баіцца пагаршэння грамадскіх настрояў і пратэстаў.
Пры інфляцыі каля 9 працэнтаў у будучым годзе ваенны бюджэт скароціцца ў рэальным выражэнні прыкладна на сёмую частку. Апроч таго фінансавыя ўстановы кажуць, што ў 2026-м годзе ў Расіі будзе рэкордна высокі бюджэтны дэфіцыт у 4,6 трыльёна рублёў. Сёлета ўлады планавалі дэфіцыт у 1,5 трыльёна рублёў, насамрэч жа ён апынуўся як мінімум у тры разы вышэйшым, дадае штодзёнка.
Трывожныя прагнозы агучвае і ўрадавы Цэнтр макраэканамічнага аналізу, звяртаючы ўвагу на скарачэнні ў прамысловасці, дзе баз падтрымкі запаволілася здабыча вугалю, металургія, дрэваапрацоўчая прамысловасць, аўтамабільная прамысловасць, транспарт. Авіяцыйная прамысловасць з цяжкасцю забяспечвае авіякампаніі адным пасажырскім самалётам у год.
Больш за тое, выдаткі на вайну ў 2026 годзе выкарыстаюць 150% даходаў дзяржавы ад нафты і газу. Любая навіна пра тое, што вайна будзе працягвацца, аўтаматычна выклікае абвал цэн на біржы. У верасні расійскі фондавы рынак упаў больш чым на 6% з пачатку месяца. Расія, пад санкцыямі і знясіленнем, не можа сабе дазволіць вайну, піша выданне.
Разам з тым штодзёнка прагназуе, што Крэмль будзе працягваць агрэсію, абапіраючыся на тое, што назапасілі грамадзяне. Іх зберажэнні на банкаўскіх рахунках складаюць два гадавыя дзяржаўныя бюджэты. Цяпер расійскім грамадзянам давядзецца плаціць за вайну. На днях урад абвясціў павышэнне падаткаў, назваўшы гэта крокам «неабходны для абароны і бяспекі».
Нешта падобнае ўжо адбывалася ў Расіі. Бальшавікі выйгралі грамадзянскую вайну, забраўшы з банкаў і сейфаў грамадзян золата і каштоўнасці, назапашаныя падчас царскага праўлення, нагадвае выданне.
Крыніца: wyborcza.pl/юл