Паводле Times of Israel, ізраільскія вайскоўцы спынілі наступальныя аперацыі ў горадзе Газа, але працягваюць абарончыя аперацыі ў сектары Газа, у тым ліку «паветраныя ўдары па крыніцах пагрозы для сваіх сіл».
Вайскоўцы папярэдзілі палестынцаў пакуль не вяртацца ў горад Газа і не набліжацца да ізраільскіх войскаў у сектары Газа. «Ізраільскія салдаты ўсё яшчэ акружаюць горад Газа, і вяртанне туды вельмі небяспечнае», – сказаў прэс-сакратар Авіхай Адрай. Ён дадаў, што раён на поўнач ад ручая Вадзі Газа з'яўляецца «небяспечнай баявой зонай».
Прэс-сакратар грамадзянскай абароны Махмуд Басал заявіў AFP, што «ноч была поўная гвалту». «Ізраільская армія здзейсніла дзясяткі нападаў на горад Газа і іншыя месцы ў сектары Газа», – заявіў ён.
Ён адзначыў, што выратавальныя каманды не змаглі дабрацца да ўсіх ахвяр з-за «танкавага і бесперапыннага абстрэлу».
Шпіталь Аль-Маамадані ў Газе паведаміў у суботу раніцай, што туды былі перавезены целы чатырох чалавек і некалькіх параненых.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у панядзелак прадставіў план па спыненні вайны ў сектары Газа. Прапанову прыняў прэмʼер-міністр Ізраілю Біньямін Нетаньяху, у той час як ХАМАС абвясціў, што прыняў некаторыя палажэнні плана, у тым ліку вызваленне ўсіх ізраільскіх закладнікаў, але іншыя патрабуюць дадатковых удакладненняў.
План Трампа ўключае, сярод іншага, канчатковае спыненне баявых дзеянняў, вызваленне ізраільскіх закладнікаў у абмен на палестынскіх зняволеных і затрыманых, павелічэнне гуманітарнай дапамогі і аднаўленне палестынскай тэрыторыі.
Сярод адчувальных пытанняў – адсутнасць графіка і дакладных тэрмінаў для выхаду ізраільскіх войскаў з сектара Газа, а таксама расплывістае абяцанне стварыць палестынскую дзяржаву.
PAP/вх