Кіраўнік паліцыі Манчэстэра прызнаў, што пасля нападу на сінагогу, які адбыўся ў чацвер, 2 кастрычніка, мясцовая габрэйская супольнасць апанаваная страхам. Камісар Стывен Уотсан адзначыў, што ягоныя супрацоўнікі робяць усё магчымае, каб як найхутчэй высветліць усе абставіны трагедыі. Праваахоўнік таксама падкрэсліў, што разумее настроі часткі жыхароў.
«Гэта супольнасць, якая, з аднаго боку, хоча проста мець права жыць паводле сваёй габрэйскай ідэнтычнасці. А з другога — яна глыбока ўражаная тым, што адбылося. Калі казаць проста: людзі баяцца за сваю будучыню», — заявіў камісар.
Паліцыя паведамляе пра ход следства часцей, чым звычайна, каб пазбегнуць дэзінфармацыі. Пасля мінулагодняга тэракта ў Саутпарце ведамства прызнала, што раней недастаткова актыўна інфармавала грамадскасць.
У выніку нападу, здзейсненага на антысеміцкай глебе, загінулі дзве асобы, нападнік быў застрэлены паліцыяй.
iar/эж