Беларуская Служба

Пры ўдзеле Егіпта, Катара і Турцыі падпісана перамір'е ў Газе 

14.10.2025 10:08
На саміце прысутнічалі больш за два дзясяткі кіраўнікоў дзяржаў, у тым ліку прэзідэнт Францыі, Арменіі, Азербайджану, Палестынскай Аўтаноміі.
       ,
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разам з лідарамі Егіпта, Катара і Турцыі падпісалі пагадненне аб спыненні агню ў сектары ГазыPAP/EPA/YOAN VALAT / POOL

У панядзелак, 13 кастрычніка, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разам з лідарамі Егіпта, Катара і Турцыі падпісалі  пагадненне аб спыненні агню ў сектары Газы. Цырымонія прайшла ў Шарм-эш-Шэйху падчас міжнароднага саміту, прысвечанага завяршэнню вайны ў палестынскім анклаве.

Амерыканскі лідар назваў сустрэчу «выдатным днём для Блізкага Усходу» і падкрэсліў значэнне гістарычнага моманту:

 «Шмат гадоў, яшчэ да таго, як я вырашыў балатавацца, было вядома, што Блізкі Усход — гэта самая складаная тэма. Гэта месца, якое можа прывесці да велізарных праблем, аж да Трэцяй сусветнай вайны. Усе заўсёды казалі, што яна пачнецца на Блізкім Усходзе — але гэтага не адбудзецца», — заявіў Дональд Трамп. 

Паводле амерыканскага лідара, дакумент, падпісаны ў Шарм-эш-Шэйху, вызначае рамкі і рэгламент далейшых перамоваў, пакідаючы магчымасць для палітычнага ўрэгулявання канфлікту.

На саміце прысутнічалі больш за два дзясяткі кіраўнікоў дзяржаў, у тым ліку прэзідэнт Францыі, Арменіі, Азербайджану, Палестынскай Аўтаноміі, што надало пагадненню шырокую міжнародную падтрымку.

Тым часам у Ізраілі святкуюць вяртанне 20 закладнікаў, выкрадзеных ХАМАС у кастрычніку 2023 года. Іх вызваленне стала магчымым дзякуючы перамір’ю, у адказ ізраільскі бок амніставаў каля 2 тысяч палестынскіх вязняў.

iar/эж