Парламент Сербскай Рэспублікі ў складзе Босніі ў суботу прызначыў Ану Трышыч Бабіч часова выконваючай абавязкі прэзідэнткі, афіцыйна пацвердзіўшы, што былы прэзідэнт Міларaд Додзік сыходзіць з пасады пасля таго, як дзяржаўны суд забараніў яму займацца палітычнай дзейнасцю - паведамляе REUTERS.
Трышыч Бабіч, блізкая саюзніца Додзіка, будзе выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы на працягу аднаго месяца — да новых прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 23 лістапада.
Парламент таксама адмяніў шэраг сепаратысцкіх законаў, прынятых цягам апошняга года, пасля таго як супраць Додзіка былі выстаўленыя абвінавачанні за ігнараванне рашэнняў міжнароднага прадстаўніка і Канстытуцыйнага суда.
Додзік, прарасійскі нацыяналіст, які дамагаецца аддзялення Сербскай Рэспублікі і яе далучэння да Сербіі, да гэтага часу адмаўляўся сыходзіць у адстаўку і працягваў выконваць прэзідэнцкія абавязкі, а таксама здзяйсняць замежныя паездкі ў гэтым статусе. Ён абскарджвае рашэнне дзяржаўнага суда ў Канстытуцыйным судзе.
Додзік заявіў, што, нягледзячы на галасаванне парламента ў суботу, палітыка Сербскай Рэспублікі не зменіцца, а яе канчатковай мэтай застанецца незалежнасць. Аднак, паводле яго слоў, гэты крок быў зроблены ў каардынацыі з замежнымі партнёрамі.
Дзярждэпартамент ЗША вітаў суботняе рашэнне, назваўшы яго вынікам намаганняў, якія «мелі на мэце зняць напружанне ў Босніі і Герцагавіне».
«Злучаныя Штаты вітаюць сённяшнія дзеянні Нацыянальнай асамблеі Рэспублікі Сербскай (RSNA), якія пацвярджаюць стабільнасць у Босніі і Герцагавіне. Гэта таксама адкрывае шлях да канструктыўнага партнёрства з ЗША, заснаванага на ўзаемных інтарэсах, эканамічным патэнцыяле і супольным дабрабыце», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамента па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Брэндан Ханрахан у каментары для Reuters.
Міністэрства фінансаў ЗША ў пятніцу паведаміла, што зняло чатырох саюзнікаў Додзіка са спісу санкцыянаваных асобаў — крок, які сам Додзік назваў пазітыўным і звязаў з яго кампаніяй па адмене санкцый супраць сябе.
Сам Додзік знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Вялікабрытаніі за перашкоды выкананню Дэйтанскіх мірных пагадненняў, якія спынілі вайну ў Босніі ў 1990-х гадах. Акрамя таго, супраць яго выступілі і некалькі еўрапейскіх краін, якія лічаць, што яго сепаратысцкая палітыка пагражае міру і стабільнасці ў Босніі.
нг