Беларуская Служба

Жанчына ўпершыню ў гісторыі ўзначаліла ўрад Японіі

21.10.2025 13:11
Санаэ Такаічы ўступіць на пасаду пасля таго, як імператар Японіі прызначыць яе сёння ўвечары.
      -
Санаэ Такаічы пасля абрання на пасаду прэм'ер-міністраPAP/EPA/FRANCK ROBICHON

Японскі парламент прагаласаваў за прызначэнне лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Санаэ Такаічы на пасаду прэм'ер-міністра. Яна стала першай жанчынай у гісторыі краіны на гэтай пасадзе, паведамляе японскае інфармацыйнае агенцтва Kyodo.

Падчас галасавання ў ніжняй палаце парламенту Такаічы набрала 237 галасоў з 465-ці.

Перамога Такаічы стала магчымай дзякуючы альянсу Ліберальна-дэмакратычнай партыі і Партыі інавацый, з якой было падпісанае кааліцыйнае пагадненне.

Санаэ Такаічы ўступіць на пасаду пасля таго, як імператар прызначыць яе сёння ўвечары. Пасля гэтага, як чакаецца, яна правядзе першую прэс-канферэнцыю на пасадзе прэмʼер-міністра.

У бліжэйшы час Такаічы пачне фармаванне ўраду. Паводле экспертаў, яна атрымае ў спадчыну агульную лінію кіруючай партыі, якая сутыкаецца з геапалітычнымі пагрозамі і напружанымі адносінамі з ЗША з-за пошлін на важныя экспартныя галіны і абаронныя абавязацельствы.

Таксама адзначаецца, што ў Санаэ Такаічы ёсць менш за два тыдні, каб падрыхтавацца да візіту прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў Японію.

вс