Авіякампаніям у ЗША загадана спыніць выкарыстанне гендэрна-нейтральнага сімвала «X» у пашпартах пасажыраў. Цяпер у пашпарце павінен быць сімвал альбо «M» (мужчына), або «F» (жанчына).
Рашэнне было прынятае Мытнай і памежнай службай ЗША. Яно ўступіла ў сілу ў кастрычніку пасля 90-дзённага пераходнага перыяду, паведамляе The New York Times.
Знак «X» з'явіўся ў пашпартах ЗША ў 2022 годзе як прызнанне правоў людзей, якія не ідэнтыфікуюць сябе выключна з мужчынскім альбо жаночым полам: небінарных, інтэрсэксуальных і гендэрна неадпаведных людзей.
Цяпер Сістэма інфармацыі аб пасажырах, якую авіякампаніі выкарыстоўваюць для падачы дадзеных дзяржаўным структурам, больш не прымае пашпарты з сімвалам «X» у полі «пол». Новае правіла распаўсюджваецца толькі на міжнародныя рэйсы, а не на ўнутраныя.
Пасажыры з пашпартамі з пазнакай «X» могуць працягваць падарожнічаць, а іх дакументы застаюцца сапраўднымі да заканчэння тэрміну іх дзеяння, аднак пры рэгістрацыі пасажыр павінен выбраць сімвал «M» або «F».
Пасля прыходу да ўлады Дональда Трампа яго адміністрацыя пачала перагляд шэрагу ліберальных законаў і правіл, якія, паводле кансерватараў, пярэчаць «традыцыйным каштоўнасцям».
вс