Анджэй Пачобут, беларускі палітвязень, журналіст, які з'яўляецца прадстаўніком польскай меншасці ў Беларусі і знаходзіцца ў зняволенні з 2021 года (ужо 4,5 года), атрымаў узнагароду разам з грузінскай журналісткай Мзіяй Амаглобелі, якая таксама знаходзіцца ў турме за пратэст супраць уладаў у Тбілісі.
Польскія дэпутаты Еўрапарламента дзейнічалі па-за палітычнымі лініямі і лабіявалі, каб Анджэй Пачобут атрымаў узнагароду.
Прэмія Сахарава прэстыжная, але справа не толькі ў самой узнагародзе. У выпадку Анджэя Пачобута на карту пастаўлена нешта большае — яго вызваленне і выратаванне жыцця. Апублічванне яго справы стварае дадатковы ціск на беларускі рэжым.
Прэмія імя Сахарава ўручаецца з 1988 года. Некалькі яе лаўрэатаў таксама атрымалі Нобелеўскую прэмію міру. Напрыклад, сёлетняя лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру Марыя Карына Мачада з Венесуэлы атрымала прэмію імя Сахарава ў мінулым годзе.
Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года і з таго часу знаходзіцца за кратамі. На судзе, які адбыўся ў пачатку 2023 года, улады абвінавацілі Пачобута, грамадзяніна Беларусі і актывіста польскай меншасці, у «распальванні сацыяльнай варожасці», а яго дзеянні, звязаныя з падтрымкай польскасці і публікацыямі артыкулаў у СМІ, былі расцэненыя як «рэабілітацыя нацызму». Пачобут таксама быў абвінавачаны ў «закліках да дзейнасці на шкоду Беларусі». Актывіст быў асуджаны на восем гадоў пазбаўлення волі.
Праваабарончыя арганізацыі прызнаюць Пачобута палітычным вязнем, а пераслед у дачыненні да яго — палітычна матываваным. Польскія ўлады пастаянна патрабуюць вызвалення Пачобута і яго рэабілітацыі.
Мзія Амаглабелі, сузаснавальніца і дырэктар незалежных выданняў Batumelebi і Netgazeti, асуджана да двух гадоў пазбаўлення волі за аплявуху начальніку батумскай паліцыі.
50-гадовая журналістка пасля затрымання стала сімвалам барацьбы за свабоду слова ў Грузіі і супраціву рэпрэсіям грузінскіх уладаў. Калегі называюць яе першай журналісткай, якая стала «вязнем сумлення» ў незалежнай Грузіі.
Амаглабелі абвінавацілі ў нападзе на паліцыянта, але суддзя перакваліфікавала абвінавачанне на артыкул аб супраціве, пагрозе або гвалце ў дачыненні да асобы, якая ахоўвае грамадскі парадак, ці іншага прадстаўніка ўлады.
Паводле РАР/вх