У Францыі сёння павінны вынесці прысуд па гучнай справе аб жорсткім забойстве дзіцяці ў Парыжы. Тры гады таму 12-гадовая дзяўчынка была забітая алжырскай імігранткай, якая нелегальна знаходзілася ў Францыі. Гэтая справа выклікала абурэнне па ўсёй краіне і рэакцыю ўладаў.
На працягу тыдня французская прэса паведамляла пра суд, падчас якога былі раскрытыя жахлівыя падрабязнасці забойства малой Лолы. Падчас вяртання са школы 12-гадовую дзяўчынку выкралі, згвалтавалі, катавалі і забілі, а яе цела паклалі ў чамадан, знойдзены на вуліцы.
24-гадовая алжырка прызналася ў злачынстве. Яна заявіла, што знаходзілася пад уздзеяннем моцных наркотыкаў і эзатэрычных загавораў. Ёй пагражае пажыццёвае зняволенне — самае жорсткае пакаранне паводле французскага заканадаўства.
«Цяжка ўявіць, чаму яна зрабіла гэта з нашай дачкой. Чаму і як? Гэтыя пытанні назаўжды застануцца без адказу», — сказала маці Лолы французскаму грамадскаму тэлебачанню. Пасля смерці дзяўчынкі яе бацька пачаў піць і памёр.
Абурэнне французскага палітычнага класа, асабліва правых, было выклікана тым фактам, што забойца атрымала загад пакінуць краіну, што — як і ў 90% выпадкаў — не было выканана.
«Гэта трагедыя. Вось чаму мы павінны быць бязлітаснымі, калі гаворка ідзе пра дэпартацыю замежнікаў», — пракаментаваў міністр унутраных спраў Ларан Нуньес.
Тры гады таму забойства Лолы выклікала пратэсты ў Францыі і розныя акцыі, арганізаваныя нацыяналістычнымі групоўкамі.
IAR/нг