Беларуская Служба

Харватыя аднаўляе абавязковы прызыў у войска 

25.10.2025 10:50
На службу будуць прызвацца мужчыны ва ўзросце ад 19 да 30 гадоў — прыкладна чатыры тысячы чалавек штогод. 
 ()
Дуброўнік (ілюстрацыя)shutterstock

Парламент Харватыі ў пятніцу, 24 кастрычніка, ухваліў закон аб вяртанні ўсеагульнай абавязковай вайсковай службы. Праз 17 гадоў пасля яе адмены краіна зноў аднаўляе прызыў, які пачнецца з 2026 года.

Служба будзе працягвацца два месяцы. Прызыўнікі Узброеных сіл Харватыі атрымаюць штомесячнае грашовае забеспячэнне ў памеры 1100 еўра. На службу будуць прызвацца мужчыны ва ўзросце ад 19 да 30 гадоў — прыкладна чатыры тысячы чалавек штогод. Жанчыны змогуць далучыцца да службы добраахвотна.

Праграма падрыхтоўкі ўключае элементы вядзення сучасных баявых дзеянняў — навучанне кіраванню беспілотнікамі і асновам кібербяспекі. Міністр абароны Харватыі адзначыў, што вайсковая служба «павінна адпавядаць патрабаванням ХХІ стагоддзя».

Закон таксама прадугледжвае магчымасць альтэрнатыўнай службы для грамадзян, якія адмаўляюцца служыць па маральных або рэлігійных перакананнях. Яны змогуць праходзіць больш працяглую грамадзянскую службу — у сістэме грамадзянскай абароны або органах мясцовага самакіравання Харватыі.

iar/эж