Як паведамляе амерыканскае інфармацыйнае агенцтва UPI, няўрадавая арганізацыя «Фонд чыстай будучыні» (Clean Futures Fund CFF) спрабуе адлавіць дзікіх сабак паблізу Чарнобыльскай электрастанцыі, каб вызначыць, чаму іх шэрсць набыла сіні колер.
Супрацоўнікі арганізацыі сутыкнуліся з сінімі жывёламі, спрабуючы адлавіць дзікіх сабак для стэрылізацыі ў так званай зоне адчужэння, паведаміла агенцтва.
«Мы сутыкнуліся з трыма сабакамі, якія былі цалкам сінія», — паведаміў CFF у Instagram.
Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што тыднем раней сабакі не былі сінімі.
Каля 700 сабак жывуць вакол закрытай электрастанцыі ў Чарнобылі. Яны з'яўляюцца нашчадкамі жывёл, кінутых падчас эвакуацыі раёна ў 1986 г.
Паводле CFF, сіні колер, хутчэй за ўсё, не з'яўляецца вынікам радыяцыі і забруджвання. Арганізацыя не выключае, што сабакі маглі кантактаваць з моцнымі прамысловымі фарбавальнікамі або хімікатамі.
Нягледзячы на свой незвычайны колер, сінія сабакі выглядаюць здаровымі і актыўнымі, ацаніў CFF. Аднак Фонд хоча адлавіць і вывучыць іх у надзеі разгадаць таямніцу.
Вясной 1986 года на Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух рэактара. Савецкія ўлады ўстанавілі 30-кіламетровую зону адчужэння вакол станцыі і эвакуявалі больш за 120 000 чалавек з прыблізна 190 гарадоў і мястэчак. Эвакуяваным не дазвалялася браць з сабой хатніх жывёл. З часам на тэрыторыі электрастанцыі пачалі жыць сабакі, якіх ваўкі выціснулі з лесу. Фонд лечыць, вакцынуе, стэрылізуе і корміць жывёлу.
IAR/яс