Дзесяць чалавек дастаўлены ў шпіталь пасля нападу людзей, узброеных нажамі ў цягніку, які рухаўся з Донкастэра на поўначы Англіі ў бок вакзала Кінгс-Крос у Лондане. Паводле папярэдніх звестак, дзевяць з іх атрымалі раненні, што пагражаюць жыццю. У аднаго з пацярпелых — траўмы лёгкай ступені цяжкасці.
Пра гэта ў ноч на нядзелю, 2 лістапада, паведаміла транспартная паліцыя Вялікабрытаніі. Паліцыя кваліфікуе здарэнне як сур’ёзны інцыдэнт, не выключаючы тэракт. У цягніку былі затрыманыя два нападнікі, якіх даставілі ў паліцэйскі ўчастак.
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер назваў здарэнне «жахлівым інцыдэнтам, які выклікае глыбокую занепакоенасць». Сведка нападу Олі Фостэр апісаў момант панікі сярод пасажыраў:
«Я слухаў нешта на тэлефоне, і раптам міма мяне прабег мужчына, крычаў: «Уцякайце, уцякайце!» — нехта нападае літаральна на ўсіх. Мы падумалі, што гэта жарт, можа, звязаны з Хэлаўінам, я і сам люблю пажартаваць. Але потым па тварах людзей было відаць — яны гавораць сур’ёзна. Я схапіў свае рэчы і пачаў уцякаць. Усе штурхаліся, панічна крычалі. Я пытаўся, што адбываецца, хто гэта. Мне адказалі, што нейкі мужчына проста нападае на ўсіх запар».
Паводле інфармацыі тэлеканала Sky News, на месца здарэння была накіравана санітарная авіяцыя. Сведкі распавялі журналістам, што падчас панікі пасажыры штурхаліся і спрабавалі схавацца ў туалетах, каб выратавацца.
iar/эж