Беларуская Служба

Еўрапейскі суд па правах чалавека вырашыў, што Польшча парушыла правы грамадзянкі ў справе аб абортах

13.11.2025 14:03
Суд у Страсбургу прысудзіў польскай пазоўніцы кампенсацыю за матэрыяльную і маральную шкоды.
СудInactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain

Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу пастанавіў, што Польшча парушыла права на прыватнае і сямейнае жыццё, гарантаванае артыкулам 8 Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, у справе якую супраць Польшчы ў суд унесла жыхарка Кракава (ініцыялы А.Р.).

Рашэнне суда ў Страсбургу тычыцца прысуду Канстытуцыйнага суда ў Польшчы ад 22 кастрычніка 2020 года, які прызнаў неканстытуцыйнымі палажэнні, якія дазваляюць рабіць аборты ў выпадках цяжкіх анамалій плода.

Згаданае рашэнне было апублікаванае толькі 27 студзеня 2021 года. На той момант заяўніца была на 15 тыдні цяжарнасці, а аналізы выявілі сур'ёзны генетычны дэфект у плода. Жанчына паехала ў Нідэрланды, дзе цяжарнасць была перапынена ў прыватнай клініцы.

Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу адзначыў, што затрымка з публікацыяй рашэння Канстытуцыйнага суда і незразумелыя прававыя палажэнні стварылі значную прававую нявызначанасць, якая паўплывала на рашэнні жанчыны.

Тым самым дзяржава парушыла не толькі ейныя правы, але і Канвенцыю па правах чалавека.
Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу прысудзіў жанчыне кампенсацыю ў памеры 1 495 еўра за матэрыяльную шкоду і 15 000 еўра – за маральную шкоду.

IAR/аз