Беларуская Служба

Еўракамісар па абароне: Расія можа спрабаваць напасці на НАТА да 2030 года

18.11.2025 10:12
Еўракамісар падкрэсліў, што аднымі з ключавых выклікаў для Еўрапейскага Саюза і НАТА з’яўляюцца абарона трох балтыйскіх дзяржаў
,
Масква, Крэмльфота: IAR/Maciej Jastrzębski

У бліжэйшыя два–чатыры гады Расія можа зрабіць спробу нападу на адну з краін НАТА. Пра гэта заявіў еўракамісар у справах абароны Андрус Кубілюс, які ў Вільні ўдзельнічаў у канферэнцыі, прысвечанай бяспецы краін Балтыі.

Еўракамісар падкрэсліў, што аднымі з ключавых выклікаў для Еўрапейскага Саюза і НАТА з’яўляюцца абарона трох балтыйскіх дзяржаў, а таксама вынясенне ўрокаў з ваеннага досведу Украіны:

«Пра тое, наколькі гэтая праблема з’яўляецца неадкладнай, публічна паведамляюць нашы выведвальныя службы, у тым ліку Германіі, Даніі, Фінляндыі, Нідэрландаў, а таксама нашага рэгіёна. Яны сцвярджаюць, што Пуцін можа быць гатовы выпрабаваць дзеянне пятага артыкула НАТА ў прамежку ад двух да чатырох гадоў, а значыць яшчэ да 2030 года. Абарона балтыйскіх дзяржаў азначае неабходнасць падрыхтавацца да розных сцэнарыяў. Гэтая гатоўнасць павінна быць забяспечана як краінамі-членамі — у тым ліку балтыйскімі дзяржавамі, — так і ўсім НАТА і Еўрапейскім Саюзам», — адзначыў Кубілюс.

Андрус Кубілюс таксама звярнуў увагу, што толькі нядаўнія расійскія атакі з выкарыстаннем дронаў, у тым ліку супраць Польшчы ў верасні, прымусілі Еўропу ўсвядоміць, што яна не гатовая да эфектыўнага выяўлення і нейтралізацыі беспілотнікаў.

iar/эж