Беларуская Служба

«Фортка да масавай інвігіляцыі» - у ЕС рыхтуюць новы праект закона аб сканаванні анлайн-чатаў

28.11.2025 12:03
Рада Еўрапейскага Саюза прыняла прапанаваны рэгламент пад назвай Chat Control 2.0. - паведамляецца на сайце wnp.pl. Дакумент дазволіць інтэрнэт-платформам праглядаць усе паведамленні карыстальнікаў на наяўнасць прыкмет жорсткага абыходжання з дзецьмі. Некаторыя каментатары папярэджваюць, што рэгламент легалізуе масавую інвігіляцыю.
СмартфонMotortion Films/Shutterstock

Пасля месяцаў дыскусій Рада Еўрапейскага Саюза ўзгадніла агульную пазіцыю па праекце рэгламенту ЕС, вядомага як Chat Control 2.0. Рэгламент вырашае сур'ёзную праблему: ён прызначаны для прадухілення жорсткага абыходжання з дзецьмі, у тым ліку перадачы матэрыялаў, якія адлюстроўваюць сэксуальны гвалт над дзецьмі. Аднак абаронцы прыватнасці баяцца злоўжывання новым законам для прасочвання анлайн-камунікацый.

У чым сутнасць кантролю чатаў? Перш чым паведамленне будзе зашыфравана і даслана адрасату, яно аналізуецца лакальна — на тэлефоне адпраўніка — алгарытмам пастаўшчыка мэсэнджара. Сістэма стварае з кантэнту лічбавы адбітак, так званы «хэш», а потым параўноўвае яго з базай узораў CSAM, сабраных еўрапейскім агенцтвам. Калі алгарытм палічыць паведамленне падазроным, яно аўтаматычна адзначаецца і адпраўляецца ў выглядзе рапарта ў сістэму назірання. Карыстальнік пра гэта не інфармуецца. Сканаванне будзе ахопліваць усе паведамленні.

Польскі ўрад ужо неаднаразова выказваў нязгоду з увядзеннем кантролю чатаў. Як паведамляюць у Міністэрстве лічбавізацыі, для Польшчы важна, каб рэгуляцыі дапамагалі пераследаваць злачынцаў, але не стваралі механізму татальнага назірання за ўсімі карыстальнікамі інтэрнэту.

Цяпер пачнуцца перамовы паміж Радай, Еўрапейскай камісіяй і Еўрапарламентам. Перш чым рэгуляцыя будзе прынятая, інстытуты ЕС павінны падрыхтаваць агульную прапанову.

яс