Беларуская Служба

Прэзідэнт Тайваня: Кітай мусіць заняцца эканомікай, а не тэрытарыяльнай экспансіяй

04.12.2025 15:22
У адказ на кітайскія пагрозы Тайбэй плануе павялічыць выдаткі на абарону на 40 мільярдаў долараў і да 2030 года давесці іх да 5 % ВУП.
Ілюстрацыя hyotographics / Shutterstock.com

Кітай павінен засяродзіцца на ўласнай эканоміцы, а не на тэрытарыяльнай экспансіі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Тайваня Лай Ціндэ ў інтэрв’ю газеце The New York Times, апублікаваным у сераду, 3 снежня. Палітык адзначыў, што эканамічны рост Тайваня ў гэтым годзе чакаецца на ўзроўні больш за 7 %, тады як для Кітая міжнародныя інстытуты прагназуюць крыху больш за 4 %.

«Спадзяёмся, што ў крызісных умовах Сі Цзіньпін будзе клапаціцца не пра пашырэнне тэрыторый, а пра дабрабыт кітайскага народа. Тайвань гатовы супрацоўнічаць у вырашэнні эканамічных праблем», — падкрэсліў тайваньскі лідар.

Разам з тым Лай папярэдзіў пра рост ваеннага ціску з боку Пекіна. Кітайскія ўлады лічаць дэмакратычны Тайвань часткай сваёй тэрыторыі і не выключаюць сілавога сцэнару.

У адказ на кітайскія пагрозы Тайбэй плануе павялічыць выдаткі на абарону на 40 мільярдаў долараў і да 2030 года давесці іх да 5 % ВУП.

Прэзідэнт Тайваня Лай Ціндэ  таксама назваў адносіны з ЗША «надзейнымі, як скала» і заявіў пра гатоўнасць Тайваня падтрымаць амбіцыі Вашынгтона ў сферы паўправаднікоў і штучнага інтэлекту.

pap/эж


Начальнік брытанскага генштаба: У нас ёсць тры гады, каб падрыхтавацца да сусветнай вайны

25.07.2024 11:49
Новы начальнік брытанскага генштаба генерал Ролі Уокер папярэджвае аб трэцяй сусветнай вайне.