Беларуская Служба

Швецыя закрывае пасольствы і скарачае дапамогу некалькім краінам Афрыкі. Зэканомленыя грошы пойдуць Украіне

06.12.2025 17:33
Швецыя закрывае пасольствы і скарачае дапамогу некалькім краінам Афрыкі. Зэканомленыя грошы пойдуць Украіне.
Сцяг Швецыіpixabay.com/marsjo/free commercial use license

Швецыя спыніць фінансаванне грамадскіх праектаў у Ліберыі, Мазамбіку, Танзаніі і Зімбабвэ ў 2026 годзе, закрые некалькі пасольстваў і накіруе зэканомленыя сродкі на падтрымку Украіны. Пра гэта паведаміў міністр міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця і знешняга гандлю Швецыі Беньямін Дуса, інфармуе Польскае агенцтва друку.

Стакгольм мае намер павялічыць фінансаванне Украіны як мінімум да 1 млрд 600 тыс. долараў у 2026 годзе, паколькі, паводле Дусы, «Украіна з'яўляецца галоўным прыярытэтам у шведскай знешняй палітыцы і палітыцы дапамогі». Кіеў атрымае каля 212 млн долараў, якія планавалася выдзеліць афрыканскім краінам.

Стакгольм працягне сваю прысутнасць у Танзаніі і Кеніі праз свае пасольствы, засяроджваючыся на гандлі, інвестыцыях, палітычных справах і дапамозе грамадзянам Швецыі.

Аднак пасольствы ў Харарэ (Зімбабвэ) і Манровіі (Ліберыя), якое таксама ахоплівае суседнюю Сьера-Леонэ, будуць закрытыя да жніўня 2026 года.

З моманту ўступлення на пасаду цяперашняга ўраду ў 2022 годзе Швецыя ўжо скараціла дапамогу больш чым 10 краінам, у тым ліку Малі і Буркіна-Фасо.

Аднак з бюджэтам у 56 млрд крон (амаль 6 млрд долараў) у год Швецыя застаецца значным донарам гуманітарнай дапамогі і дапамогі краінам, якія развіваюцца.

вс