8 снежня Сірыя адзначае гадавіну падзення рэжыму Башара Асада, які ўцёк у Расію 8 снежня 2024 года пасля маланкавага наступу антыўрадавых ісламісцкіх баевікоў, які доўжыўся некалькі тыдняў. Лідарам паўстанцаў быў цяперашні часовы прэзідэнт Сірыі Ахмед аш-Шара.
«З поўначы на поўдзень і з усходу на захад, калі Бог дасць, мы аднавім моцную Сірыю, структура якой адлюстроўвае яе сучаснасць і мінулае», – сказаў аш-Шара падчас ранішняй малітвы ў мячэці Амейядаў у Дамаску.
Прэзідэнт, апрануты ў тую ж ваенную форму, якую ён насіў падчас пераможнай кампаніі паўстанцаў, паабяцаў пабудаваць справядлівую і моцную Сірыю.
За апошнія 12 месяцаў аш-Шара ўкараніў змены, якія змянілі знешнія адносіны Сірыі. Ён усталяваў сувязі са Злучанымі Штатамі і атрымаў падтрымку краін Персідскага заліва і Турцыі. Ён дыстанцыяваўся ад былых абаронцаў Асада – Ірана і Расіі. Ён дамогся зняцця большасці санкцый, уведзеных супраць папярэдняга ўрада заходнімі краінамі, і паабяцаў замяніць жорсткую паліцэйскую дзяржаву інклюзіўным і справядлівым парадкам.
Аднак у мінулым годзе сотні людзей загінулі ў выніку міжканфесійнага гвалту, што прывяло да новых перасяленняў і падсілкоўвала недавер сярод сірыйскіх меншасцей, у першую чаргу друзаў і алавітаў, да ўладаў, якія імкнуцца зноў падпарадкаваць усю Сірыю цэнтральнаму ўраду ў Дамаску, адзначае Reuters.
Курдская адміністрацыя, якая кіруе паўночна-ўсходняй Сірыяй, павіншавала сірыйцаў з гадавінай, але таксама забараніла правядзенне сходаў з меркаванняў бяспекі, спасылаючыся на ўзмацненне актыўнасці «тэрарыстычных ячэек».
Курды імкнуцца абараніць сваю рэгіянальную аўтаномію, у той час як на поўдні Сірыі некаторыя друзы, меншасць, якая практыкуе эклектычную рэлігію, патрабуюць незалежнасці для паўднёвай правінцыі Сувейда. Сотні людзей былі забітыя ў сутыкненнях з урадавымі сіламі ў гэтых раёнах у ліпені.
Нягледзячы на гэтыя акты гвалту, аль-Шара заявіў у мінулыя выхадныя, што «Сірыя перажывае свае лепшыя дні». Ён паабяцаў прыцягнуць да адказнасці вінаватых у гвалце. Ён таксама папярэдзіў, што пераходны перыяд працягнецца яшчэ чатыры гады. На працягу гэтага перыяду будуць створаны інстытуты і ўстаноўлены прававыя нормы. Таксама будзе распрацавана новая канстытуцыя, якая будзе вынесена на рэферэндум. Затым у краіне адбудуцца выбары.
Сям'я Асадаў кіравала Сірыяй 54 гады. Грамадзянская вайна ў Сірыі, якая пачалася ў 2011 годзе, забрала сотні тысяч жыццяў. Мільёны былі вымушаны пакінуць свае дамы, а каля 5 мільёнаў уцяклі ў суседнія краіны.
У панядзелак ААН паведаміла, што пасля звяржэння Асада дадому вярнуліся каля 1,2 мільёна бежанцаў і 1,9 мільёна ўнутрана перамешчаных асоб. Аднак гуманітарныя патрэбы ў разбуранай Сірыі велізарныя, некалькі мільёнаў чалавек маюць патрэбу ў дапамозе.
PAP/ав