Усе варыянты, нават «ядзерны», на стале, калі гаворка ідзе пра рэакцыю Еўрасаюза на пагрозы Дональда Трампа. Так дыпламаты падсумавалі ўчарашнюю (18 студзеня) сустрэчу паслоў ЕС. Хутчэй за ўсё, у чацвер (22 студзеня) адбудзецца пазачарговы саміт ЕС, скліканы прэзідэнтам Еўрапейскага савета Антоніу Кошта.
Нагадваем, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аб'явіў аб увядзенні з 1 лютага новых мытаў у памеры 10% у дачыненні да Даніі, Нарвегіі, Швецыі, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў і Фінляндыі, то бо краінаў, якія адхілілі яго прэтэнзіі на востраў і накіравалі туды войскі ў якасці сімвалічнай падтрымкі.
Паводле слоў амерыканскага прэзідэнта, мытныя стаўкі будуць дзейнічаць да «тых часоў, пакуль не будзе заключана здзелка аб поўнай і безумоўнай куплі Грэнландыі» Злучанымі Штатамі.
Тэму працягвае карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі Беата Пламэцка:
- Пакуль што ЕС не адмаўляецца ад дыпламатычных намаганняў, вынікі якіх будуць ацэнены на саміце, а рашэнні будуць прынятыя толькі пасля 1 лютага. Існуе меркаванне, што калі прэзідэнт ЗША сапраўды выканае свае пагрозы, то Еўропа не можа пакінуць гэтае рашэнне без адказу. Да 6 лютага ЕС павінен вырашыць, што рабіць са спісам амерыканскіх тавараў, на якія распаўсюджваюцца тарыфы, дзеянне якіх было прыпынена ў мінулым годзе. Тады ЕС адмовіўся ад увядзення тарыфаў, бо ў супольнасці пераважала думка, што трэба пазбягаць канфрантацыі і эскалацыі сітуацыі. Спіс быў старанна падрыхтаваны. Ён уключае тавары са штатаў, адкуль паходзяць ключавыя палітыкі-рэспубліканцы, каб яны былі асабліва балючымі. У прыватнасці, гэта тавары, якія ЕС можа замяніць пастаўкамі з іншых краін. «Ядзерны» варыянт, які разглядаецца – гэта правілы, якіх ЕС яшчэ не выкарыстоўваў. Яны падрыхтаваны на выпадак, калі якая-небудзь краіна паспрабуе эканамічнага шантажу. Дыяпазон магчымых дзеянняў шырокі – тарыфы, абмежаванні імпарту, абмежаванні на дзяржаўныя закупкі і ўдар па амерыканскіх інвестыцыях, паслугах і кампаніях, у тым ліку лічбавых гігантах.
IAR/аз