Улады Малдовы запусцілі працэс дэнансацыі трох базавых пагадненняў, якія ляжаць у аснове членства краіны ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Пра гэта 19 студзеня заявіў у эфіры Radio Moldova віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў Міхай Папшой. Гаворка ідзе пра юрыдычны выхад з СНД, бо фактычна ўдзел Малдовы ў арганізацыі быў прыпынены ўжо некаторы час таму.
Дэнансацыі падлягаюць Статут СНД ад 1993 года, Пагадненне аб стварэнні СНД ад 1991 года і дадатак да яго. Адпаведныя дакументы парламент Малдовы разгледзіць на пачатку новай сесіі. Чакаецца, што ўсе працэдуры будуць завершаныя да сярэдзіны лютага.
Міхай Папшой назваў гэты крок важным элементам умацавання еўрапейскага курсу Малдовы. Пры гэтым Кішынёў не плануе адмаўляцца ад пагадненняў з СНД, якія маюць эканамічную або практычную карысць і не супярэчаць еўрапейскай інтэграцыі краіны.
У склад Садружнасці Незалежных Дзяржаў, акрамя Расіі, уваходзяць Беларусь, Арменія, Азербайджан, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан і Узбекістан. Туркменістан мае статус асацыяванага члена.
iar/эж