У Іспаніі расце колькасць ахвяр чыгуначнай катастрофы, якая адбылася ў нядзелю, 18 студзеня, у горадзе Адамус (Андалусія). У выніку сутыкнення двух высакахуткасных цягнікоў загінуў 41 чалавек, больш за 150 чалавек атрымалі раненні.
Першымі на дапамогу пацярпелым прыйшлі мясцовыя жыхары. Сярод іх быў Гансала Санчэс — у паўсядзённым жыцці прадавец латарэйных білетаў, а ў дзень трагедыі ратавальнік. На сваім квадрацыкле ён вывозіў параненых з месца катастрофы:
«Адсечаныя канечнасці, паламаныя ногі, крывацёкі — усё самае страшнае. Кожная хвіліна была на вагу золата і магла вырашыць, ці чалавек застанецца жывым». На пытанне, колькі людзей ён перавёз, Санчэс адказаў: «Усяго каля 26–27 чалавек».
39 пацярпелых застаюцца ў лякарнях, 13 з іх — у цяжкім стане. У Іспаніі абвешчана трохдзённая жалоба. Следства вывучае магчымыя пашкоджанні чыгуначных шляхоў як прычыну аварыі.
Надоечы прэм'ер Польшчы Дональд Туск выказаў спачуванні народу іспаніі і семʼям ахвяр чыгуначнай катастрофы ў Андалусіі.
iar/эж