Трохбаковыя перамовы ў Абу-Дабі завяршыліся 5 лютага. Дэлегацыі ЗША і Украіны ахарактарызавалі перамовы як канструктыўныя, не падаючы дадатковых дэталяў.
Таксама сёння Дональд Трамп даў станоўчую ацэнку перамовам паміж ЗША, Украінай і Расіяй аб спыненні вайны ва Украіне.
«Вельмі добрыя перамовы» аб вайне ва Украіне, заявіў Трамп журналістам на борце самалёта Air Force One.
— Сёння ў нас былі вельмі-вельмі добрыя размовы, якія тычацца адносін паміж Расіяй і Украінай. Нешта можа здарыцца».
Амерыканскі прэзідэнт не прывёў падрабязнасцяў. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зеленскі заявіў, што перамовы ў ЗША могуць аднавіцца ў бліжэйшы час.
У сваю чаргу прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў у пятніцу, што Расія, Украіна і ЗША не вызначылі дату новага раўнда трохбаковых перамоваў, і няма планаў праводзіць перамовы ў ЗША.
Лідар рэспубліканцаў паабяцаў спыніць вайну, якая пачалася з паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года, але ўжо больш за год абяцанне Трампа застаецца нявыкананым.
У пятніцу агенцтва Reuters паведаміла, што амерыканскія і ўкраінскія перамоўшчыкі абмеркавалі амбіцыйную мэту , каб Расія і Украіна дамовіліся аб мірным пагадненні ў сакавіку, хоць гэтыя тэрміны, верагодна, будуць адкладзеныя з-за адсутнасці дамоўленасці па ключавым пытанні - тэрыторыях, паведамляюць амерыканскія крыніцы. ЗША і Украіна абмеркавалі перспектывы магчымага рэферэндуму і выбараў у маі, паведамілі крыніцы.
Спецыяльны пасланнік Трампа Стыў Віткоф заявіў у чацвер, што дэлегацыі ЗША, Украіны і Расіі дамовіліся аб абмене 314 ваеннапалоннымі.
РАР/Reuters/юл