Беларуская Служба

Кітай: Мы будзем рашуча змагацца з прыхільнікамі незалежнасці на Тайвані

10.02.2026 09:30
Уплывовы кітайскі чыноўнік Ван Хунін заклікаў у аўторак да рашучай барацьбы супраць сіл, якія імкнуцца да незалежнасці Тайваня.
Тайвань PAP/EPA/RITCHIE B. TONGO

На штогадовай канферэнцыі па Тайвані ў Пекіне ён ацаніў, што Кітай павінен супрацьстаяць знешняму ўмяшанню.

«Мы павінны нанесці рашучы ўдар па сепаратысцкіх так званых сілах незалежнасці Тайваня і рашуча супрацьстаяць умяшанню знешніх сіл, каб гарантаваць мір і стабільнасць у рэгіёне», – сказаў Ван, які з'яўляецца чацвёртым па рангу чыноўнікам у іерархіі КПК.

На штогадовай сустрэчы, прысвечанай вызначэнню кірунку палітыкі ў дачыненні да вострава, Ван, якога цытуе дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «Сіньхуа», заклікаў падтрымаць «патрыятычныя і абʼяднаўчыя сілы» на Тайвані. Ён падкрэсліў неабходнасць «нязменна садзейнічаць мірнаму развіццю адносін паміж краінамі праліва». Ён таксама абвясціў аб больш глыбокай інтэграцыі і заклікаў жыхароў вострава, асабліва моладзь, вучыцца і працаваць у мацерыковым Кітаі.

Камуністычныя ўлады ў Пекіне лічаць дэмакратычна кіраваны Тайвань неадʼемнай часткай сваёй тэрыторыі і імкнуцца да «абʼяднання», не выключаючы пры гэтым прымянення сілы. Урад у Тайбэі адхіляе прэтэнзіі Пекіна, называючы іх спробай анексіі і падкрэсліваючы, што толькі жыхары вострава могуць вырашаць яго будучыню.

Тайваньскае пытанне застаецца адным з галоўных пунктаў спрэчкі ў кітайска-амерыканскіх адносінах. На мінулым тыдні кітайскі лідар Сі Цзіньпін у размове з прэзідэнтам Дональдам Трампам назваў Тайвань найважнейшым пытаннем у двухбаковых адносінах, раскрытыкаваўшы рэкордны пакет узбраенняў ЗША для Тайбэя коштам 11,1 мільярда долараў.

ав