Вярхоўны лідар Ірана 88-гадовы аятала Алі Хаменеі загінуў у выніку маштабных удараў ЗША і Ізраіля 28 лютага, гэта пацвердзіла дзяржаўнае тэлебачанне краіны. У Іране абвешчаная 40-дзённая агульнанацыянальная жалоба і сем выходных. Да абрання пераемніка дзяржавай будзе кіраваць часовая рада з трох чалавек — прэзідэнт Масуд Пезешкіян, кіраўнік судовай улады Галямхасейн Мохсені Эйе і адзін з членаў Рады вартавых Ісламскай рэвалюцыі. Новы вярхоўны лідар павінен быць абраны Радай экспертаў — органам з 88 уплывовых багасловаў — у найкарацейшы тэрмін.
Прэм’ер Ізраіля Біньямін Нетаньяху ў сваю чаргу заявіў: «Гэты жорсткі дыктатар распаўсюджваў тэрарызм па ўсім свеце, давёў уласны народ да галечы і няспынна рэалізоўваў план знішчэння Ізраіля. Гэты план больш не існуе, і ёсць шматлікія сігналы, што самога дыктатара таксама можа ўжо не быць. Сёння раніцай мы ліквідавалі высокапастаўленых прадстаўнікоў рэжыму аятолаў, камандзіраў Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі і асобаў, датычных да ядзернай праграмы, — і будзем працягваць дзеянні. У бліжэйшыя дні мы ўдарым па тысячах мэтаў тэрарыстычнага рэжыму. Мы створым умовы, каб адважны іранскі народ змог вызваліцца ад тыраніі».
Паводле Нетаньяху, ваенная аперацыя Ізраіля і ЗША супраць аяталаў працягнецца столькі, колькі спатрэбіцца.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп папярэдзіў, што ў выпадку адказу Ірана ЗША нанясуць удар «нябачанай сілы». Іран, паводле паведамленняў, ужо атакаваў шэраг цэляў у Персідскім заліве, у тым ліку ў Абу-Дабі і па амерыканскіх базах у рэгіёне.
iar/pap/эж