Расія пашырае разведвальнае і ваеннае супрацоўніцтва з Іранам. Пра гэта паведамляе выданне The Wall Street Journal са спасылкай на еўрапейскую разведку і крыніцы на Блізкім Усходзе.
Паводле інфармацыі газеты, Масква перадае Тэгерану спадарожнікавыя здымкі і ўдасканаленыя тэхналогіі беспілотнікаў. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра мадэрнізаваныя кампаненты дронаў тыпу Shahed з палепшанымі сістэмамі сувязі, навігацыі і навядзення.
Акрамя таго, Расія дзеліцца з Іранам баявым досведам, атрыманым падчас вайны супраць Украіны. У тым ліку — рэкамендацыямі наконт тактыкі выкарыстання дронаў, колькасці апаратаў у атаках і вышыні палётаў.
Сцвярджаецца таксама, што Масква перадае Ірану інфармацыю пра размяшчэнне амерыканскіх сіл і іх саюзнікаў у рэгіёне.
Аналітыкі адзначаюць, што атакі Ірана на аб’екты ў Іарданіі, Бахрэйне, Кувейце і Амане нагадваюць расійскую тактыку арганізацыі ракетна-дронавых атак ва Украіне.
iar/эж