Беларуская Служба

Еўрапейцы хочуць больш моцнага і незалежнага Еўрапейскага Саюза

20.03.2026 12:17
Апытанне паказвае, што жыхары ЕС чакаюць большай незалежнасці Еўропы ў эканоміцы, тэхналогіях і бяспецы.
Аўдыё

Паводле апытання спажыўцоў Euroconsumers, еўрапейцы хочуць больш моцнага і незалежнага Еўрапейскага Саюза.

У той жа час палякі працягваюць падтрымліваць супрацоўніцтва з ЗША, але ўсё больш асцярожна ставяцца да яго будучыні.

Апытанне паказвае, што жыхары ЕС чакаюць большай незалежнасці Еўропы ў эканоміцы, тэхналогіях і бяспецы. 80 працэнтаў рэспандэнтаў жадаюць інвеставаць ва ўласныя тэхналогіі, каб паменшыць залежнасць ад іншых краін, і падобны працэнт падтрымлівае ўмацаванне еўрапейскай абароназдольнасці.

У той жа час 70 працэнтаў еўрапейцаў лічаць, што ЕС павінен рэагаваць на гандлёвыя дзеянні ЗША ўласнымі рэсурсамі, такімі як тарыфы. Гэта сведчыць аб узрастаючым чаканні больш рашучай эканамічнай палітыкі.

Палякі прытрымліваюцца гэтай тэндэнцыі, але яны больш асцярожныя. 62 працэнты падтрымліваюць моцнае партнёрства са Злучанымі Штатамі, але толькі 35 працэнтаў лічаць ЗША трывалым і надзейным партнёрам. Гэта сведчыць аб усё большай дыстанцыі і большым рэалізме ў ацэнцы трансатлантычных адносін.

Штодзённыя рашэнні аб пакупках таксама змяняюцца. 44 працэнты палякаў кажуць, што яны абмяжоўваюць свае пакупкі амерыканскіх тавараў. У той жа час многія ў першую чаргу кіруюцца цаной — толькі частка з іх гатовая плаціць больш за прадукцыю ЕС.

Даследаванне таксама паказвае, што еўрапейцы жадаюць дыверсіфікаваць свае гандлёвыя адносіны і шукаць новых партнёраў за межамі ЗША. Больш за палову рэспандэнтаў аддаюць перавагу супрацоўніцтву з азіяцкімі краінамі, такімі як Японія і Паўднёвая Карэя.

Аўтары дакладу падкрэсліваюць, што еўрапейскія спажыўцы не адмаўляюцца ад міжнароднага супрацоўніцтва, але чакаюць, што ЕС будзе дзейнічаць больш незалежна і эфектыўна, і што геапалітычныя рашэнні не пагоршаць іх фінансавае становішча.

IAR/яс