Пасля звароту Вашынгтонскага аддзела Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА) мэр сталіцы ЗША Мюрыэл Баўзэр абвясціла 25 сакавіка Днём Волі Беларусі — пяты год запар, паведаміў «Позірку« актывіст беларускай дыяспары (пажадаў застацца неназваным).
Як адзначана ў пракламацыі, мэр Вашынгтона прыняла такое рашэнне з ўлікам таго, што Дзень Волі «ўшаноўвае гістарычную дэкларацыю незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25 сакавіка 1918 года, адзначае і захоўвае багатую гісторыю, мову і культурную спадчыну беларусаў у акрузе Калумбія і сярод беларускай дыяспары», а таксама таго, што «яркія беларускія традыцыі і звычаі ўзбагачаюць жыццё горада і разнастайнасць супольнасці, з’яўляюцца неад’емнай часткай культурнага ладу Вашынгтона, акругі Калумбія».
Абвяшчэннем 25 сакавіка Днём Волі горад ушаноўвае «мужнасць і стойкасць беларускага народа» і пацвярджае «агульную прыхільнасць да свабоды, справядлівасці і чалавечай годнасці для ўсіх».
Суразмоўца «Позірку» адзначыў, што традыцыю святкавання Дня Волі ў ЗША распачалі напрыканцы 1940-х гадоў «беларускія эмігранты паваеннай хвалі».
— Амерыканскія беларусы заўсёды бралі актыўны ўдзел у палітычным жыцці сваёй новай краіны, былі ўсталяваныя кантакты з палітыкамі розных узроўняў. Дзень Волі абвяшчаўся ў свой час мэрамі, губернатарамі і нават прэзідэнтамі ЗША. Гэтая традыцыя працягваецца і сёння, — адзначыў актывіст беларускай дыяпары.
Паводле яго звестак, сёлета 25 сакавіка абвясцілі Днём Волі Беларусі таксама ўлады горада Філадэльфіі (штат Пенсільванія). Сярод іншага на будынку мэрыі ў гэты дзень будзе вывешаны беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.
вс