Беларуская Служба

Армія Ізраіля: Іранскія ракеты могуць пагражаць Еўропе  

22.03.2026 12:22
Упершыню з пачатку вайны Іран выкарыстаў ракету, здольную пераадолець каля чатырох тысяч кіламетраў
                .
Іранскія сілавікі стаяць на варце каля велізарнага рэкламнага шчыта вярхоўнага лідара Ірана аяталы Алі Хаменеі ў Тэгеране.EPA/ABEDIN TAHERKENAREH Dostawca: PAP/EPA.

Іранскія ракеты далёкага радыўсу дзеяння могуць пагражаць не толькі Ізраілю, але і Еўропе. Пра гэта заявіў начальнік Генеральнага штаба Арміі абароны Ізраіля генерал-лейтэнант Эяль Замір пасля запуску Іранам ракеты ў бок выспы Дыега-Гарсія ў Індыйскім акіяне.

Паводле ізраільскага боку, упершыню з пачатку вайны Іран выкарыстаў ракету, здольную пераадолець каля чатырох тысяч кіламетраў. 

Замір падкрэсліў, што гэтыя ракеты не прызначаныя толькі для ўдараў па Ізраілі: «Іх далёкасць дазваляе дасягнуць еўрапейскіх сталіц. Берлін, Парыж, Рым — усе гэтыя гарады знаходзяцца ў зоне непасрэднай пагрозы».

Дыега-Гарсія — найбуйнейшая выспа архіпелага Чагас, дзе размешчаная сумесная база Вялікабрытаніі і ЗША. Яна закрытая для цывільных і мае важнае стратэгічнае значэнне. Раней Лондан дазволіў ЗША выкарыстоўваць брытанскія базы для абарончых мэтаў у сувязі з пагрозамі з боку Ірана.

iar/эж