Беларуская Служба

З-за вайны на Блізкім Усходзе некаторыя ўрачыстасці Вялікага тыдня ў Іерусаліме адмененыя

24.03.2026 17:00
Каталіцкі патрыярх горада прызнаў, што сітуацыя застаецца дынамічнай, і немагчыма даць канчатковыя рэкамендацыі на бліжэйшыя дні.
.
Ілюстрацыя.MichaelGaida/pixabay.com/CC0

З-за вайны на Блізкім Усходзе некаторыя ўрачыстасці Вялікага тыдня ў Іерусаліме адмененыя, абвясціў каталіцкі патрыярх горада, кардынал П'ербатыста Піцабала. Традыцыйная працэсія з Аліўнай гары ў Іерусалім не адбудзецца ў Вербную нядзелю, а імша Хрызма ў Вялікі чацвер перанесена.

Італьянскі кардынал абвясціў, што ў Вербную нядзелю, 29 сакавіка, традыцыйная працэсія будзе заменена хвілінай малітвы ў Іерусаліме ў месцы, якое яшчэ не вызначана.

Імша Хрызма ў Вялікі чацвер, якая звычайна праходзіць у базіліцы Гроба Гасподняга, была адкладзена на больш позні тэрмін, як толькі дазволіць сітуацыя.

Храмы застануцца адкрытымі, пастары будуць імкнуцца даць вернікам магчымасць маліцца і ўдзельнічаць у літургіі ў даступных формах, адзначыў кардынал Піцабала.

— Абмежаванні, уведзеныя з-за канфлікту і падзей апошніх дзён, не дазваляюць нам чакаць хуткага паляпшэння сітуацыі. У пастаянным дыялогу з кампетэнтнымі органамі, разам з іншымі хрысціянскімі цэрквамі, мы абмяркоўваем, як ва ўзгодненых формах можна будзе адзначаць галоўнае свята, — напісаў патрыярх.

Ён прызнаў, што сітуацыя застаецца дынамічнай, і немагчыма даць канчатковыя рэкамендацыі на бліжэйшыя дні. Таму мерапрыемствы будуць каардынавацца штодня.

— Аднак ужо відавочна, што не атрымаецца адзначаць звычайныя ўрачыстасці, адкрытыя для ўсіх. Да цяжкасцей гэтага ваеннага часу, які закранае ўсіх нас, сёння мы таксама адчуваем боль ад таго, што не можам годна і разам адзначыць Вялікдзень. Гэтая рана далучаецца да многіх іншых, нанесеных канфліктам. Аднак мы не павінны адмаўляцца ад свята. Калі мы не можам сабрацца так, як хацелі б, давайце не адмаўляцца ад малітвы, — падкрэсліў кардынал Піцабала ў сваім пасланні да вернікаў.

Ён дадаў: «Ніякая цемра, нават цемра вайны, не мае апошняга слова».

28 лютага амерыканскія і ізраільскія войскі пачалі аперацыю супраць Ірана, які ў адказ нанёс атакі па цэлях на Блізкім Усходзе.

ав