Беларуская Служба

Замежныя беспілотнікі парушылі паветраную прастору Латвіі і Эстоніі

25.03.2026 10:02
Уначы беспілотнік уляцеў у паветраную прастору Латвіі і выбухнуў. Мясцовыя СМІ паведамілі, што беспілотнік ляцеў з Расіі. Падобны інцыдэнт адбыўся ў Эстоніі, дзе беспілотнік урэзаўся ў комін электрастанцыі ў горадзе недалёка ад расійскай мяжы.
Ілюстрацыйнае фотаREUTERS

Міністэрства абароны Латвіі абвясціла, што сістэмы ранняга папярэджання зафіксавалі гук, падобны на выбух, на паўднёвым усходзе Латвіі. Аварыйныя службы, накіраваныя на месца здарэння, знайшлі абломкі беспілотніка. Міністэрства заявіла, што пагрозы для жыхароў або паветранай прасторы краіны няма.

Узброеныя сілы Латвіі паведамілі ў сераду, што беспілотнік увайшоў у паветраную прастору краіны з Расіі. Беспілотнік разбіўся, але ніхто не пацярпеў, грамадзянская інфраструктура не пацярпела, паведамляе латвійскае інфармацыйнае агенцтва LETA.

На месцы здарэння знаходзяцца вайскоўцы і паліцэйскія сілы. Далейшай пагрозы бяспецы грамадзянскага насельніцтва або паветранай прасторы Латвіі не выяўлена.

Генерал Эгілс Лешчынскіс з камандавання арміі Латвіі ў інтэрвʼю нацыянальнаму тэлебачанню падкрэсліў, што ні вытворца, ні краіна паходжання беспілотніка пакуль не вызначаныя.

З-за інцыдэнту міністр абароны Андрыс Спрудс перапыніў свой візіт ва Украіну і вяртаецца дадому.

Іншы беспілотнік таксама парушыў паветраную прастору Эстоніі. Паводле звестак партала ERR, беспілотнік ударыўся аб комін электрастанцыі ў Аўвэрэ. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў. Сама электрастанцыя не атрымала сурʼёзных пашкоджанняў, а інцыдэнт не аказаў істотнага ўплыву на энергетычную сістэму краіны.

Паводле эстонскіх уладаў, гэты выпадак варта звязваць з вайной Расіі супраць Украіны, а не лічыць яго наўмысным дзеяннем супраць Эстоніі.

Інцыдэнты адбыліся падчас атакі ўкраінскіх беспілотнікаў на расійскі порт Усць-Луга, які знаходзіцца прыкладна за 50 кіламетраў ад мяжы з Эстоніяй. На пачатку тыдня ўкраінскі беспілотнік таксама разбіўся ў Літве.

ПР/РАР/юл