Беларуская Служба

Па ЗША пракаціліся масавыя пратэсты супраць палітыкі прэзідэнта Дональда Трампа

29.03.2026 11:14
Найбуйнейшыя мітынгі адбыліся ў Нью-Ёрку, Даласе, Філадэльфіі і Вашынгтоне. 
  -, .
Пратэсты ў Лос-Анджэлесе, Каліфорнія. Фота: PAP/EPA/CHRIS TORRES

У Злучаных Штатах Амерыкі прайшла трэцяя хваля масавых пратэстаў руху No Kings («Не — каралям»), накіраваных супраць палітыкі прэзідэнта Дональда Трампа. Паводле інфармацыі Reuters, акцыі ахапілі больш за 3200 гарадоў ва ўсіх 50 штатах і сталі аднымі з найбуйнейшых за апошні час.

Арганізатары заяўляюць, што папярэднія хвалі сабралі мільёны ўдзельнікаў, а сёлета прыкметна вырасла актыўнасць у невялікіх гарадах — амаль на 40% у параўнанні з першымі выступамі летась.

Найбуйнейшыя мітынгі адбыліся ў Нью-Ёрку, Даласе, Філадэльфіі і Вашынгтоне. У Сэнт-Поле тысячы людзей сабраліся каля будынка капітолія штата. Губернатар Мінесоты Тым Уолз заявіў, што пратэстоўцы змагаюцца за дэмакратыю і вяршэнства закона. З крытыкай прэзідэнта выступіў і сенатар Берні Сандэрс. Акцыю падтрымаў музыка Брус Спрынгсцін.

У Нью-Ёрку дзясяткі тысяч чалавек прайшлі праз Манхэтэн; акцёр Роберт Дэ Ніра назваў Трампа «пагрозай свабоды і бяспецы». У Даласе адбыліся сутычкі з контрпратэстоўцамі, у тым ліку звязанымі з Proud Boys. У Лос-Анджэлесе паліцыя ўжыла слезацечны газ.

Пратэсты адбываюцца на фоне падзення рэйтынгу Трампа: паводле апытання Reuters/Ipsos, узровень падтрымкі знізіўся да 36% — найніжэйшага паказчыка з часу яго вяртання ў Белы дом. Арганізатары заяўляюць, што пратэстная актыўнасць будзе нарастаць напярэдадні прамежкавых выбараў у Кангрэс у лістападзе.

нг