Аб'ява аб блакадзе іранскіх партоў — гэта эскалацыя канфлікту на Блізкім Усходзе і яго інтэрнацыяналізацыя, лічыць амерыканіст з Вроцлаўскага ўніверсітэта доктар Караль Шульц (Karol Szulc).
Злучаныя Штаты Амерыкі заявілі, што, пачынаючы з сённяшняга дня (13 красавіка, 16:00), увядуць марскую блакаду іранскіх партоў. Гэта адказ на правал мірных перамоваў у Ісламабадзе.
Паводле адмыслоўца, такім чынам Дональд Трамп спрабуе зняць з сябе адказнасць за паразу ў вайне з Іранам.
— Дональд Трамп хвалюецца, таму што ён ужо стратэгічна прайграў гэты канфлікт. Зараз ён шукае выхаду з сітуацыі, але ўся ягоная адміністрацыя не мае паняцця, як гэта зрабіць. Паколі брытанцы накіравалі свае караблі ў рэгіён, то Дональд Трамп мае надзею, што яму канчаткова ўдасца інтэрнацыяналізаваць канфлікт і зняць з сябе адказнасць за яго, — лічыць доктар Караль Шульц.
Галоўнае камандаванне Узброенымі сіламі ЗША абвясціла, што амерыканцы будуць блакаваць усе судны, «якія ўваходзяць у іранскія парты і прыбярэжныя рэгіёны або выходзяць з іх». Адначасова яны абяцалі «не перашкаджаць свабодзе суднаходства суднаў, якія праходзяць праз Армузскую пратоку ў іншыя, чым іранскія парты».
Нагадаем, раней Дональд Трамп казаў пра «поўную блакаду» Армузскай пратокі для ўсіх суднаў.
IAR/аз