Беларуская Служба

Amnesty International: Колькасць пакаранняў смерцю ў свеце расце

18.05.2026 11:40
У мінулым годзе колькасць краін, якія ўжываюць смяротнае пакаранне, вырасла да 17.
Amnesty International
Amnesty International By The logo may be obtained from Amnesty International., Fair use, https://en.wikipedia.org/w/index.php?curid=58687938

У 2025 годзе колькасць пакаранняў смерцю ў свеце дасягнула найвышэйшага ўзроўню, зафіксаванага Amnesty International з 1981 года. У спецыяльнай справаздачы арганізацыі гаворыцца, што толькі ў мінулым годзе ў 17 краінах было пакарана смерцю 2 707 чалавек, што амаль на 80 працэнтаў больш, чым у папярэднім годзе.

Толькі ў Іране пакарана смерцю не менш за 2159 чалавек. Гэта ўдвая больш, чым у 2024 годзе. Акрамя таго, у Саудаўскай Аравіі колькасць пакаранняў смерцю павялічылася як мінімум да 356, у Кувейце — з 6 да 17, у Егіпце — з 13 да 23, у Сінгапуры — з 9 да 17 і ў ЗША — з 25 да 47.

Агульная колькасць пакаранняў смерцю ў свеце ў мінулым годзе павялічылася на 78 працэнтаў у параўнанні з 1 518 пакараннямі смерцю, зарэгістраванымі ў 2024 годзе.

Кшыштаф Надратоўскі(Krzysztof Nadratowski) з Amnesty International Polska кажа, што мінулы год, на жаль, быў рэкордным па колькасці смяротных пакаранняў.

— На жаль, летась мы зафіксавалі найбольшую колькасць выпадкаў пакарання смерцю за апошнія сорак гадоў — 2 707 чалавек. Краіна з найбольшай колькасцю такіх выпадкаў — Іран. Аднак ёсць краіны, якія ўтойваюць такія дадзеныя. Гаворка ідзе, напрыклад, пра Кітай, дзе колькасць прыведзеных у выкананне смяротных прысудаў можна лічыць, хутчэй за ўсё, тысячамі, — кажа прадстаўнік AI.

Амаль палова ўсіх зафіксаваных пакаранняў смерцю ў 2025 годзе (1257 выпадкаў) былі выкананы за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі: 998 — у Іране, 240 — у Саудаўскай Аравіі і 15 — у Сінгапуры.

Таксама ў мінулым годзе чатыры дзяржавы: Японія, Паўднёвы Судан, Тайвань і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты аднавілі смяротнае пакаранне. Такім чынам, колькасць краін, якія ўжываюць смяротнае пакаранне вырасла да 17.

IAR/аз