У Іране ў суботу, 4 ліпеня, пачаліся публічныя жалобныя цырымоніі развітання з загінулым вярхоўным лідарам краіны аяталой Алі Хаменеі. Кадры дзяржаўнага тэлебачання паказалі труну Хаменеі ў Вялікай мячэці Масала ў Тэгеране, паведамляе DW.
Разам з Алі Хаменеі хаваюць яшчэ чатырох членаў яго сям'і, якія таксама загінулі ў выніку ізраільскага паветранага ўдару, – дачку, зяця, нявестку і ўнучку. Па дадзеных іранскіх уладаў, у адным толькі Тэгеране ў цырымоніі развітання могуць удзельнічаць ад 15 да 20 млн чалавек. На ўваходзе ў комплекс працуюць дзясяткі супрацоўнікаў службы бяспекі, а наведвальнікам неабходна прадʼяўляць спецыяльны пропуск.
Як паведаміла іранскае дзяржаўнае тэлебачанне, 3 ліпеня ў Тэгеран прыбылі замежныя высокапастаўленыя асобы для развітання з іранскім духоўным лідарам.
Алі Хаменеі быў забіты 28 лютага ў выніку прыцэльнага ізраільскага авіяўдару па яго рэзідэнцыі ў іранскай сталіцы. Пасля гэтага Ізраіль і ЗША больш за пяць тыдняў вялі вайну супраць Ірана. З пачатку красавіка дзейнічае перамірʼе.
Дзяржаўнае пахаванне першапачаткова планавалася на сакавік, але было адкладзенае з-за ваенных дзеянняў. Дату правядзення цырымоніі – з 4 па 9 ліпеня – іранскія ўлады абʼявілі толькі ў чэрвені.
вс