Сёння (10 ліпеня) Брусель высунуў папярэднія абвінавачванні супраць Meta — уладальніка Facebook і Instagram.
Еўракамісія папярэдне пастанавіла, што формула дзеяння абедзвюх платформаў парушае Закон ЕС аб лічбавых паслугах. Да іх адносяцца аўтаматычнае прайграванне відэа, бясконцы скролінг, паведамленні і высокаперсаналізаваная рэклама.
Паводле Камісіі, гэтыя функцыі заахвочваюць да бесперапыннага карыстання Facebook-ам і Instagram-ам, прыводзяць да кампульсіўнага карыстання і могуць негатыўна ўплываць на псіхічнае і фізічнае здароўе карыстальнікаў, асабліва дзяцей і падлеткаў.
Еўракамісія чакае, што Meta зменіць спосаб працы абедзвюх сацсетак і абмяжуе працу алгарытмаў, прызначаных для максімізацыі прыцягнення ўвагі карыстальнікаў. У адваротным выпадку кампаніі пагражае штраф у памеры да 6 працэнтаў ад яе гадавога сусветнага абароту.
Разгляд справы супраць Meta працягваецца з мая 2024 года.