Міністэрства абароны ЗША пачало перагляд размяшчэння амерыканскага вайсковага кантынгенту ў Еўропе. Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка Пентагона па палітычных пытаннях Элбрыдж Колбі. Паводле яго, мэтай перагляду з'яўляецца трансфармацыя Альянсу ў мадэль «NATO 3.0», у якой еўрапейскія саюзнікі будуць несці асноўную адказнасць за сваю абарону з выкарыстаннем звычайных узбраенняў.
Новая ацэнка павінна адпавядаць Стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША 2025 года і Стратэгіі нацыянальнай абароны 2026 года. Колбі адзначыў, што перагляд прадугледжвае некалькі варыянтаў далейшага размяшчэння амерыканскіх войскаў.
У апошнія месяцы Вашынгтон неаднаразова заклікаў краіны НАТА павялічыць выдаткі на абарону. Раней галоўнакамандуючы аб'яднанымі сіламі Альянсу ў Еўропе Алексус Грынкевіч не выключыў, што ў доўгатэрміновай перспектыве частка амерыканскіх войскаў можа быць перакінутая ў іншыя рэгіёны свету.
dw/эж