Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Пентагон падпісаў 7-гадовы кантракт на выраб ракет Patriot

30.07.2026 13:12
Мэта — папоўніць запасы, якія вычарпаліся з-за канфліктаў ва Украіне і Іране, паведамляе Reuters.
  Patriot Advanced Capability (PAC-3)  Lockheed Martin
Мадэль ракеты Patriot Advanced Capability (PAC-3) кампаніі Lockheed Martin на выставе ўзбраенняў у КельцэREUTERS

У сераду Пентагон абвясціў, што армія ЗША заключыла кантракт з Lockheed Martin  на суму 58,6 мільярда долараў на пастаўку ракет Patriot.

Сума новага кантракту ў 58,6 мільярда долараў зʼяўляецца вынікам пераўтварэння дзейнага гадавога кантракту коштам 4,7 мільярда долараў у доўгатэрміновы 7-гадовы план закупак, які ахоплівае 2026-2032 гады.

Прадстаўнікі прамысловасці віталі пагадненне, але адзначылі, што «Кангрэс павінен спачатку выдзеліць сродкі, перш чым кампаніі змогуць пачаць інвеставаць у кампаненты і вытворчыя магутнасці», — адзначае Reuters.

Новае фінансаванне дазволіць патроіць вытворчасць ракет PAC-3 MSE, якія супрацьстаяць балістычным ракетам, крылатым ракетам і самалётам, да 2030 года. Плануецца павялічыць вытворчасць да 2 тысяч адзінак у год. Чакаецца, што занятасць на абʼекце ў Кэмдэне ў штаце Арканзас павялічыцца на 50 працэнтаў да 1850 чалавек. Lockheed інвестуе ад 8 да 9 мільярдаў долараў у мадэрнізацыю сваіх абʼектаў у ЗША.

Пентагон таксама падпісаў кантракт з фірмай RTX на павелічэнне вытворчасці ракет Tomahawk з прыблізна 60 да 1000 адзінак у год.

Паводле ацэнак CSIS, у амерыканскіх вайскоўцаў цяпер засталося менш за тысячу ракет Patriot і менш за 250 ракет THAAD на складах.

РАР/юл