Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Улады М'янмы дазволілі пасланніку Чырвонага Крыжа сустрэцца з Аун Сан Су Чжы

03.08.2026 11:01
Улады многіх краін звяртаюцца да Мʼянмы з просьбай вызваліць шматгадовую апазіцыянерку з гуманітарных меркаванняў.
Улады М'янмы дазволілі пасланніку Чырвонага Крыжа сустрэцца Аун Сан Су Чжы PAP/EPA/PPIB / HANDOUT

Пасланнік Міжнароднага Чырвонага Крыжа сустрэўся з Аун Сан Су Чжы. Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру ўтрымліваецца ў турме ўжо пяць гадоў. Дагэтуль кіруючая хунта Мʼянмы не дазваляла прадстаўнікам замежных уладаў і арганізацый сустракацца з палітычнай дзяячкай.

Паведамляецца, што стан здароўя 81-гадовай нобелеўскай лаўрэаткі пагоршыўся падчас знаходжання пад вартай. Аун Сан Су Чжы ўтрымліваюць у адзіночнай камеры з лютага 2021 года, калі вайскоўцы зрынулі дэмакратычна абраны ўрад Мʼянмы. Яна была асуджана на 33 гады пазбаўлення волі падчас закрытых судовых працэсаў.

Паводле афіцыйных крыніцаў, сустрэча з пасланнікам Міжнароднага Чырвонага Крыжа адбылася ў сталіцы Найп’іда. Улады Мʼянмы апублікавалі чатыры фатаграфіі Аун Сан Су Чжы — дзве са згаданай сустрэчы. Па астатніх дзвюх фатаграфіях можна меркаваць, што нобелеўская лаўрэатка знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Улады Мʼянмы нядаўна абвясцілі амністыю, якая часткова скараціла тэрмін пакарання нобелеўскай лаўрэаткі. Аднак ёй і так засталося адбыць 18 гадоў пазбаўлення волі.

Улады многіх краін звяртаюцца да Мʼянмы з просьбай вызваліць Аун Сан Су Чжы з гуманітарных меркаванняў і дазволіць ёй з’ехаць у Лондан, дзе жыве яе сын.

IAR/аз