Турма ў Эстоніі рыхтуецца прыняць першых вязняў са Швецыі. Аднак пагадненне, згодна з якім зняволеныя пераедуць адбываць пакаранне ў Тарту, выклікае супраціў з боку часткі эстонцаў. Нядаўняе апытанне паказвае, што супраць гэтага выступаюць 54 працэнты эстонцаў.
Апазіцыя лічыць, што праект можа пашкодзіць іміджу Тарту, і абвясціла, што калі прыйдзе да ўлады пасля парламенцкіх выбараў 2027 года, будзе імкнуцца да яго спынення.
— Праблема ў тым, што мы рызыкуем сваёй бяспекай і рэпутацыяй. Мы становімся горадам-турмой, — кажа Сандра Лаўр з апазіцыйнай партыі «Ісамаа».
Жыхары Тарту таксама падзеленыя ў сваіх меркаваннях.
Шведская пенітэнцыярная служба запэўнівае, што зняволеныя, звязаныя са злачыннымі групоўкамі, не будуць адпраўляцца ў тартускую турму.
— Мы ацэньваем кожны выпадак індывідуальна, улічваючы, сярод іншага, веданне моў, пераважна англійскай, і сувязі чалавека са Швецыяй, — паясняе дырэктар дэпартамента Шведскай пенітэнцыярнай службы Ніклас Белстрэм.
У цяперашні час турма ў Тарту набірае персанал. Кіраўніцтва турмы абвясціла, што, пачынаючы з гэтага месяца, у яе будуць паступова пераводзіцца зняволеныя са Швецыі.
Пагадненне са Швецыяй было падпісана на пяць гадоў з магчымасцю яго падаўжэння яшчэ на тры гады.
IAR/аз